У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны заявілі, што сьледчыя, якія расьсьледуюць злачынствы ў часе масавых акцый пратэсту ў Кіеве ў 2013-2014 гадах, вызначылі кола асобаў, датычных да забойства беларуса Міхаіла Жызьнеўскага.
«Датычна [Рамана] Сеніка і [Міхаіла] Жызьнеўскага ёсьць канчатковыя вынікі экспэртыз, аднак яшчэ працягваецца комплексная экспэртыза, прызначаная на падставе першых дасьледаваньняў. Таксама датычна [Сяргея] Нігаяна, Сеніка і Жызьнеўскага вызначыла кола асобаў, якіх правяраюць на датычнасьць да злачынства. Не выключаю, што ім неўзабаве ўручаць падазрэньні», — сказаў намесьнік кіраўніка дэпартамэнту ў «справах Майдану» Офісу генпракурора Ўкраіны Дзяніс Іваноў у інтэрвію ўкраінскаму агенцтву «Укрінформ».
У Міхаіла Жызньнеўскага, Сяргея Нігаяна (абодва загінулі 22 студзеня 2014 году) і Рамана Сеніка (загінуў 25 студзеня 2014 году) стралялі кулямі для прымусовага спыненьня транспарту, якія выкарыстоўвалі толькі падразьдзелы Міністэрства ўнутраных спраў Украіны. Першыя экспэртызы паказалі, што ў іх стралялі з адлегласьці 20 мэтраў.
У Офісе генпракурора Ўкраіны паведамілі, што, згодна з украінскім заканадаўствам, тэрмін даўнасьці ў справах аб цяжкіх злачынствах складае 10 гадоў, а гэта азначае, што пасьля таго адказныя за злачынствы могуць пазьбегнуць адказнасьці.
«Выключэньнем зьяўляюцца тыя справы, дзе абвінавачаныя хаваюцца ад органаў дасудовага расьсьледаваньня. У іх тэрмін даўнасьці прыпыняецца. Аднак справы па фактах забойстваў, за якія прадугледжана пакараньне ў выглядзе пажыцьцёвага пазбаўленьня волі, а таксама злачынстваў супраць дзяржаўнасьці тэрміну даўнасьці ня маюць», — удакладніў яшчэ адзін намесьнік кіраўніка дэпартамэнту ў «справах Майдану» Офісу генпракурора Ўкраіны Іван Бабенка.
Міхаіл Жызьнеўскі загінуў 22 студзеня 2014 году падчас Эўрамайдану ў Кіеве. У 2017 годзе яго ўшанавалі званьнем Героя Ўкраіны і перад гэтым пасьмяротна далі ўкраінскае грамадзянства. Зорку Героя Ўкраіны тагачасны прэзыдэнт Пятро Парашэнка перадаў бацькам Міхася. Забойца дагэтуль ня знойдзены.
У 2021 годзе ўлады Кіева дэмантавалі помнік Міхаілу Жызьнеўскаму, які быў усталяваны ў лістападзе 2014 году недалёка ад меркаванага месца ягонай гібелі ў Кіеве — на рагу Пятроўскай алеі і вуліцы Грушэўскага. Сёлета ў кастрычніку дэмантаваны помнік знайшлі ў кустах недалёка ад таго месца, дзе ён знаходзіўся.
Помнік Міхаілу Жызьнеўскаму дэмантавалі таму, што на гэтым месцы мэр Кіева Віталь Клічко ініцыяваў усталяваньне мэмарыяльнага комплексу героям-кіяўлянам, якія загінулі ў часе антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны.