Ігар Казьмярчак жыве ў эміграцыі з восені 2021 году. Цяпер ён даведаўся, што ўлады наклалі арышт на ягоную маёмасьць у Беларусі. На ягоны беларускі адрас прыйшоў ліст зь Віцебскага агенцтва дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнага кадастру, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».
На думку Казьмерчака, падставай для такога рашэньня паслужыла крымінальная справа за абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), заведзеная яшчэ ў 2022 годзе. Тады ж абвясьцілі міждзяржаўны вышук праваабаронцы.
Рашэньне арыштаваць кватэру ўлады прынялі на падставе пастановы Аршанскага аддзелу Сьледчага камітэту, датаванай 13 лістапада.
Ігар Казьмярчак — вядомы аршанскі праваабаронца і галоўны рэдактар інфармацыйнага парталу orsha.eu. На радзіме ўлады ў розныя часы пачыналі некалькі крымінальных справаў супраць яго, але ўсе ў выніку разваліліся. Сайт інфармацыйнага парталу ўлады заблякавалі, ён даступны ў Беларусі толькі праз VPN.