Міністэрства адукацыі Беларусі з ініцыятывы Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыряхату зацьвердзіла навучальную праграму факультатыву для сёмых клясаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму».
Як адзначаецца ў пастанове Міністэрства адукацыі, апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале, праграма распрацаваная ў межах дамовы аб супрацы міністэрства і Беларускай праваслаўнай царквы на 2020–2025 гады.
Праграма разьлічана на 35 гадзін. Пэрыядычнасьць факультатыву — адна гадзіна на тыдзень.
Галоўная мэта праграмы: «садзейнічаць духоўнаму разьвіцьцю, фармаваньню маральнай культуры і патрыятызму на аснове выкарыстаньня патэнцыялук хрысьціянскіх традыцыяў і каштоўнасьцяў беларускага народу».
Праграма прадугледжвае 8 тэмаў:
- Дабрадзейнасьць у духоўным жыцьці чалавека
- Вера
- Надзея
- Любоў
- Разважлівасьць
- Стрыманасьць і памяркоўнасьць
- Працалюбства
- Духоўнае краязнаўства. Шанаваньне сьвятых і сьвятыняў роднай зямлі. захаваньне і павелічэньне духоўнай спадчыны як выказваньне любові да Радзімы
Зь беларускіх сьвятых прадугледжваецца вывучэньне жыцьця Кірылы Тураўскага, а сярод сьвятыняў пералічаныя катэдральны сабор сьвятых Кірылы і Лаўрэна ў Тураве, царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы ў Сар’і (Верхнядзьвінскі раён); катэдральны сабор Уваскрашэньня Хрыстовага ў Барысаве, храм Уваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску; царква Ўваскрасеньня Славушчага ў Пінску (вядомая як Варварынская. — РС); храмы сьвятога прарока Ільлі ў Нарачы і ў Бешанкавічах, кляштар францішканаў і касьцёл Панны Марыі Анёльскай у Горадні і храм сьвятога прападобнага Сергія Раданескага ў Гомлі.