Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі яшчэ адну партнэрскую арганізацыю, якая дапаможа вяртаць дзяцей зь Беларусі і Расеі


Упаўнаважаны ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітро Лубінец. Архіўнае фота
Упаўнаважаны ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітро Лубінец. Архіўнае фота

Разьлічваюць і на дапамогу ў прыцягненьні беларускіх і расейскіх адказных асобаў да крымінальнай адказнасьці за незаконны вываз дзяцей.

Упаўнаважаны ў правах чалавека Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітро Лубінец паведаміў, што праваабарончая арганізацыя Freedom House цяпер будзе дапамагаць Украіне вяртаць з Расеі і Беларусі незаконна вывезеных украінскіх дзяцей і палонных.

«Дамовіліся, што будзем супрацоўнічаць у пытаньнях вяртаньня на тэрыторыю Ўкраіны ўкраінскіх палонных, цывільных закладнікаў, дзяцей, дэпартаваных у Расею або Беларусь, а таксама прымусова перамешчаных у межах часова акупаваных тэрыторыяў Украіны, і прыцягненьня беларускіх і расейскіх адказных асобаў да крымінальнай адказнасьці», — напісаў Дзьмітро Лубінец у сваім тэлеграм-канале.

Паводле яго, супрацоўнічаць будуць на падставе падпісанага з Freedom House мэмарандуму.

Саўдзел уладаў Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей

16 лістапада Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы грамадзкай аховы здароўя апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у сыстэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны», якая дакумэнтуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны ў Беларусь.

Спасылаючыся ў тым ліку на зьвесткі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», арганізацыя вызначыла, што сама меней 2 442 дзіцяці ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразьлівых групаў, з 17 гарадоў Украіны перамясьцілі ў прынамсі 13 установаў Беларусі з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 году. Пры гэтым 2 050 украінскіх дзяцей трапілі ў беларускі лягер «Дубрава».

Перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Пуціным пры «падтрымцы спэцслужбаў Расеі і Беларусі», у тым ліку СК РФ і «ўнутраных войскаў Беларусі».

Раней каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) прэзэнтавала ў Страсбургу справаздачу «Роля рэжыму Лукашэнкі і саюзнай дзяржавы ў незаконным перамяшчэньні і перавыхаваньні дзяцей з Украіны», паведаміў 9 траўня кіраўнік арганізацыі, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка.

Паводле яго, дакумэнт зьмяшчае «звыш 150 старонак фактычных абставінаў учыненых злачынстваў, праўнага абгрунтаваньня і доказаў». Ён складзены з «улікам прынятых 27 красавіка рашэньняў ПАРЭ, звароту Вярхоўнай Рады Ўкраіны, за які аднагалосна прагаласавалі 3 траўня, высновы АБСЭ, прынятай 4 траўня».

«Для нас важна акрэсьліць неабходнасьць вызначэньня ролі Лукашэнкі як ваеннага злачынцы за дзеяньні, якія парушаюць Жэнэўскую канвэнцыю 1949 году», — падкрэсьліў Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG