Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ зафіксавала запуск расейскіх ракет паблізу Запароскай АЭС і страту сувязі станцыі з асноўнай лініяй электраперадач


Запароская АЭС з сакавіка 2022 году знахрдзіцца пад кантролем Расеі. Архіўнае фота
Запароская АЭС з сакавіка 2022 году знахрдзіцца пад кантролем Расеі. Архіўнае фота

Супрацоўнікі Запароскай АЭС паведамілі, што пашкоджаную лінію пачалі рамантаваць, але пакуль невядома, калі яна зможа аднавіць працу.

Генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што Запароская АЭС зноў страціла сувязь з асноўнай лініяй электраперадач, што прымусіла перайсьці на рэзэрвовую электраэнэргію для ахалоджваньня рэактараў.

Як адзначаецца на афіцыйным сайце Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі, інцыдэнт, які адбыўся 26 лістапада, сьведчыць пра пагрозу ядзернай і фізычнай бясьпецы станцыі.

У паведамленьні таксама адзначаецца, што экспэрты МАГАТЭ, якія прысутнічаюць на Запароскай АЭС, пачулі гук запушчаных побач з станцыяй некалькіх ракет.

«Каманда МАГАТЭ ня бачыла снарадаў праз воблачнасьць, але характэрны гук сьведчыў на тое, што іх запусьцілі з рэактыўнай сыстэмы залпавага агню побач з ЗАЭС (станцыю акупавалі расейскія войскі, Расея кантралюе тэрыторыю наўкола станцыі. — РС).

«Я, як і раней, глыбока занепакоены ядзернай і фізычнай бясьпекай на станцыі, асабліва, калі гэта датычыць ўразьлівых крыніц энэргазабесьпячэньня, якія могуць быць пашкоджаныя ў выніку атак на дастатковай адлегласьці ад станцыі, або больш прамых вайсковых рызык, зь якімі сутыкаецца электрастанцыя. У гэтым кантэксьце відавочны абстрэл ракетамі недалёка ад ЗАЭС зьяўляецца асаблівай крыніцай занепакоеньня», — сказаў Рафаэль Гросі.

Супрацоўнікі ЗАЭС паведамілі, што пашкоджаную лінію пачалі рамантаваць, але пакуль невядома, калі яна зможа аднавіць сваю працу.

Што папярэднічала

Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя ў Эўропе. Расейскія войскі захапілі яе неўзабаве пасьля пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, у сакавіку 2022 году. Цяпер усе яе блёкі спыненыя, але яна патрабуе вонкавых энэрга- і водарэсурсаў для падтрыманьня сыстэм бясьпекі.

Запароская АЭС папаўняла аб’ём вады, неабходнай для сыстэм бясьпекі, з Кахоўскага вадасховішча. Раніцай 6 чэрвеня стала вядома аб разбурэньні дамбы Кахоўскай ГЭС. У яе падрыве ўкраінскія ўлады абвінавацілі расейскія акупацыйныя войскі, якія захапілі і кантралявалі ГЭС з 24 лютага 2022 года. Расейскія акупацыйныя ўлады, наадварот, заяўлялі, што менавіта ўкраінскія вайскоўцы абстралялі і пашкодзілі дамбу Кахоўскай ГЭС.

Расея неаднаразова заяўляла, што Ўкраіна абстрэльвае станцыю. Але экспэрты МАГАТЭ гэтага не пацьвярджалі.

У ліпені генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі Рафаэль Гросі паведаміў, што падчас абходу каманда МАГАТЭ заўважыла міны ў буфэрнай зоне паміж унутраным і вонкавым бар’ерамі па пэрымэтры пляцоўкі Запароскай АЭС. На ўнутраным пэрымэтры мінаў не заўважылі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG