Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі заявілі, што праз антываенныя санкцыі пазбавіліся 76 пасажырскіх самалётаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З заявай выступіў міністар транспарту Расеі Віталь Савельеў.

Расея пазбавілася 76 пасажырскіх самалётаў у выніку санкцыяў, уведзеных пасьля яе поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну. Пра гэта выданьню РБК заявіў кіраўнік міністэрства транспарту Расеі Віталь Савельеў.

«Нас нечакана засьпелі знянацку рашэньнем забраць самалёты. У цэлым мы страцілі 76 пасажырскіх самалётаў, якія былі на тэхнічных стаянках, абслугоўваліся за мяжой або нейкія рэйсы зьбіраліся выканаць. У нас іх проста арыштавалі», — сказаў міністар выданьню РБК. Цяпер у Расеі, з словаў Савельева, усяго 1302 самалётаў, з іх 1167 — пасажырскія.

Больш за палову расейскіх пасажырскіх самалётаў — замежнай вытворчасьці, у расейскіх перавозьнікаў яны былі ў лізінгу. 67 працэнтаў замежных самалётаў Расіі былі зарэгістраваныя на Бярмудах і ў Ірляндыі. Пасьля пачатку вайны сэртыфікаты іх лётнай прыдатнасьці былі ануляваныя.

Уладзімір Пуцін дазволіў рэгістраваць у Расеі правы на замежныя самалёты ў лізінгу. У сакавіку 2022 года Савельеў казаў, што ў нацыянальны рэестар пераведзена амаль 800 самалётаў. Як выказаўся тады кіраўнік Мінтранса, «мы забралі чужую ўласнасьць». У чэрвені мінулага года міністар сказаў, што расейскія авіякампаніі працягваюць выконваць рэйсы ў 11 краін, якія гарантавалі, што ня будуць арыштоўваць самалёты.

Савельеў паведаміў, што Расія спрабуе дамовіцца з лізінгадаўцамі аб выкупе самалётаў, але яны ня хочуць уступаць у перамовы. Паводле яго слоў, аддаць самалёты Расія не можа, бо гэта «азначае пакінуць сябе без авіяцыі».

Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ЗША, Эўразьвяз і шэраг іншых краін аб’явілі аб закрыцьці неба для расейскіх самалётаў; кампаніі Airbus і Boeing спынілі абслугоўваць самалёты расейскіх кампаній і пастаўляць запчасткі ў Расею; ад працы з расейскімі перавозчыкамі адмовіліся і некаторыя кампаніі, якія прадстаўляюць самалёты ў лізінг. Пасьля гэтага Расавіяцыя рэкамэндавала расейскім авіякампаніям прыпыніць усе грузавыя і пасажырскія рэйсы за мяжу з-за «высокай ступені рызыкі затрыманьня або арышту паветраных суднаў расейскіх авіякампаній за мяжой».

Міністэрства мытні і гандлю Турцыі таксама забараніла абслугоўваць і запраўляць амаль 40 самалётаў з Расіі і Беларусі. Рашэньне было прынята ў адпаведнасці з лістом Упраўлення прамысловасьці і бясьпекі аб экспартнай практыцы Міністэрства гандлю ЗША.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG