У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавалі закрытыя службовыя дакумэнты Фэдэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя), якія сьведчаць пра тое, што цывільная авіяцыя Расеі знаходзіцца на мяжы каляпсу.
Дакумэнты, якія зьмяшчаюць справаздачы за апошнія паўтара года, украінскія выведнікі здабылі ў выніку кібэрапэрацыі.
Што высьветлілі
- Толькі цягам студзеня 2023 году ў цывільнай авіяцыі Расеі зафіксавалі 185 авіяздарэньняў. Траціну кваліфікавалі як інцыдэнты рознага ўзроўню небясьпекі. Найбольш праблемных выпадкаў (34) адбылося з расейскім самалётам «Сухой superjet».
- За 9 месяцаў 2023 году ў Расеі задакумэнтавалі 150 выпадкаў тэхнічных няспраўнасьцяў самалётаў. У гэты ж пэрыяд 2022 году было 50 такіх інцыдэнтаў.
- Найбольш праблемнымі для расейскай авіяцыі зьяўляюцца рухавікі, шасі, гідрасыстэмы, закрылкі і праграмнае забесьпячэньне.
- Расея мае сур’ёзныя цяжкасьці з абслугоўваньнем самалётаў зь вялікім налётам. Празь недахоп магутнасьцяў і спэцыялістаў Масква пераарыентоўвае абслугоўваньне самалётаў на Іран, дзе адпаведныя работы выконваюць без сэртыфікацыі.
- У сакавіку 2022 году ў авіяпарку Расеі налічвалася каля 820 цывільных самалётаў іншаземнай вытворчасьці. На той час толькі 10% зь іх прайшлі празь несэртыфікаваны рамонт з выкарыстаньнем неаўтэнтычных запчастак. Цяпер праз такі «сэрвіс» прайшло амаль 70% авіяпарку.
- Праз востры дэфіцыт запчастак у Расеі пачалі разьбіраць самалёты для рамонту іншых. Папярэдне, да сярэдзіны 2023 году ў Расеі разабралі больш за 35% паветраных суднаў.
- Бальшыня савецкіх самалётаў Ан-2 ня могуць падняцца ў паветра, паколькі рухавікі для іх куплялі ў Польшчы, але праз санкцыі іх пастаўкі спыніліся.
- Толькі ў студзені 2023 году сярод 220 самалётаў Airbus у Расеі зафіксавалі 19 розных тэхнічных праблем. У прыватнасьці, у 9 такіх самалётах, якія выкарыстоўвае «Аэрафлёт», зафіксавалі 17 выпадкаў задымленьня.
- З 230 самалётаў Boeing у 33 выпадках зафіксавалі тэхнічныя адмовы розных сыстэм.
- Ня вытрымаў умоў расейскай эксплуатацыі кожны сёмы бразыльскі Embraer, а іх у Расеі налічваецца 21.
У вайсковай выведцы Ўкраіны нагадалі, што яшчэ ў верасьні 2022 году Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) пазначыла Расею чырвоным колерам разам зь Лібэрыяй і Бутанам, што сьведчыць пра вельмі высокія рызыкі для бясьпекі палётаў.
«Аналіз характару авіяцыйных інцыдэнтаў з атрыманых дакумэнтаў сьведчыць, што шэраг адмоў, асабліва зьвязаных з рухавікамі, шасі і мэханізацыяй крылаў, мае сыстэмны характар. Тэндэнцыя сьведчыць — сфэра цывільнай авіяцыі ў Расеі знаходзіцца ў зоне сур’ёзнай турбулентнасьці з высокай рызыкай сарвацца ў крутое піке», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай выведкі.
Супраць Расеі ўвялі шэраг санкцый пасьля ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну. Частка санкцый распаўсюджваецца і на Беларусь, паколькі Аляксандар Лукашэнка падтрымлівае расейскую вайну супраць Украіны.
У прыватнасьці, дзейнічае забарона на пастаўку самалётаў і запчастак для іх, поўная адмова ў тэхнічным абслугоўваньні і абнаўленьні праграмнага забесьпячэньня, а таксама абмежаваньне доступу да мэтэаінфармацыі для аэранавігацыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.