Рэзалюцыю прынялі па выніках Палітычнай асамблеі партыі, якая прайшла 13–14 лістапада ў Брусэлі, паведамляе агенцтва «Позірк» са спасылкай на прэсавую службу ЭНП.
У дакумэнце таксама ўтрымліваецца патрабаваньне «неадкладна вызваліць» усіх палітвязьняў, у тым ліку лідэраў і чальцоў партнэрскіх з ЭНП беларускіх палітычных партый.
«Беларускія ўлады трымаюць у турме Паўла Севярынца і Мікалая Казлова, а таксама Арцёма Лябедзьку, сына вядомага апазыцыянэра Анатоля Лябедзькі», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
У заяве партыі адзначаецца, што «па палітычна матываваных абвінавачаньнях сядзяць у турме і многія іншыя актывісты нашай палітычнай сям’і», у тым ліку Тацяна і Дзьмітры Канеўскія, Барыс Кучынскі, Мікалай Арцюхоў, Ігар Салавей, Павал Сьпірын, Павал Белавус, Павал Мажэйка, Аляксандр Нагела, Андрэй Асмалоўскі, Дыяна Чарнушына, Антон Баброў, Артур Смалякоў, Андрэй Толчын і Васіль Палякоў. ЭНП запатрабавала вызваліць іх, а таксама «забясьпечыць іх поўную рэабілітацыю і кампэнсаваць ім шкоду, прычыненую адвольным крымінальным перасьледам».
Партыя таксама заклікала вызваліць палітвязьняў у Расеі і іншых краінах.
- Эўрапейская народная партыя — гэта кааліцыя партыяў правацэнтрысцкага кірунку, мае найбуйнейшую фракцыю ў Эўрапейскім парлямэнце (26,5% месцаў).