Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве паведамілі аб пашкоджаньні яшчэ двух расейскіх катэраў у Крыме, у Маскве пераконваюць, што зьбілі ўсе дроны


Украінская атака марскімі дронамі вялікага дэсантнага карабля «Аленягорскі гарняк» у бухце Новарасійску 4 жніўня 2023
Украінская атака марскімі дронамі вялікага дэсантнага карабля «Аленягорскі гарняк» у бухце Новарасійску 4 жніўня 2023

Украіна зь верасьня актывізавала свае атакі супраць караблёў Чарнаморскага флёту Расеі, якія дысьлякуюцца каля берагоў анэксаванага Крыму.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пашкоджаньні ў Крыме малых дэсантных караблёў, на якіх знаходзіліся браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.

«Малыя дэсантныя катэры тыпу „Серна“ дзяржава-агрэсарка актыўна выкарыстоўвала ў часе акупацыі вострава Зьмяіны для перакідваньня вайсковай тэхнікі і дэсанту», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні ўкраінскай вайсковай выведкі.

Украінскія выведнікі сьцьвярджаюць, што на такіх катэрах расейцы разьмяшчалі зэнітна-ракетныя комплексы «Тор-М2» для мабільнага прыкрыцьця сваёй групоўкі на востраве і ў Чорным моры.

Пасьля адыходу з вострава Зьмяінага расейцы пачалі выкарыстоўваць гэтыя караблі для высадкі перадавых груп марской пяхоты або эвакуацыі, а ва ўмовах фактычнай адсутнасьці карабельных сродкаў СПА пасьля шэрагу атак Сіл бясьпекі і абароны Ўкраіны такія катэры з зэнітна-ракетнымі комплексамі выкарыстоўвалі для прыкрыцьця караблёў Чарнаморскага флёту на рэйдах, адзначаецца ў паведамленьні.

Украінскі бок не ўдакладняе колькасьці пашкоджаных расейскіх катэраў. Сьцьвярджаецца, што «на суднах знаходзіліся экіпажы і загружаная браняваная тэхніка, у прыватнасьці БТР-82». Апэрацыю правялі ў ноч на 10 лістапада.

Міністэрства абароны Расеі заявіла аб спробе «кіеўскага рэжыму» учыніць «тэрарыстычныя атакі» па аб’ектах на расейскай тэрыторыі пры дапамозе дронаў самалётнага тыпу.

У вайсковым ведамстве Расеі пераконваюць, што над тэрыторыяй Крыму перахапілі два такія дроны і яшчэ адзін — у Тульскай вобласьці. Расейскі бок нічога не паведамляе аб пашкоджаньнях.

Што папярэднічала

Украіна, пачынаючы зь верасьня, актывізавала свае атакі супраць караблёў Чарнаморскага флёту Расеі, якія дысьлякуюцца каля берагоў анэксаванага Крыму.

13 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі дронамі па бухце ў Севастопалі пашкоджаньні атрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.

22 верасьня стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі аб ракетным абстрэле штабу Чарнаморскага флёту РФ.

Пасьля гэтых атак, паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Расея перамясьціла ня менш за 10 сваіх вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту ў Новарасійск зь Севастопаля, каб абараніць іх ад украінскіх атак.

Аднак гэта не ўратавала флёт ад далейшых украінскіх атак: 11 кастрычніка пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які знаходзіўся недалёка ад Севастопаля, у пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.

4 жніўня ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Аленягорскі гарняк» і вывелі яго са строю.

12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяіны расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».

У пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў выніку ўкраінскага ўдару патануў ракетны крэйсэр «Масква».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG