Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд адхіліў пазоў беларускіх бізнэсоўцаў Вараб’я і Зайцава аб скасаваньні санкцый


Мікалай Варабей. Архіўнае фота
Мікалай Варабей. Архіўнае фота

Эўрапейскі суд у Люксэмбургу 8 лістапада адмовіўся зьняць санкцыі з праўладных беларускіх бізнэсоўцаў Мікалая Вараб’я і Аляксандра Зайцава, а таксама кампаніі «Брэміна-Груп», якая ім належыць, заўважыла выданьне «Позірк».

У рашэньні суду адзначаецца, што Мікалай Варабей — «адзін зь вядучых бізнэсоўцаў, якія працуюць у Беларусі, зь бізнэс-інтарэсамі ў нафтавай, транзытнай, вугальнай, банкаўскай і іншых галінах», ён саўладальнік «Брэміна-Груп» — «кампаніі, якая карысталася падатковымі льготамі і іншымі формамі падтрымкі з боку беларускіх уладаў».

Такім чынам, на думку суду, Варабей «атрымлівае выгаду і падтрымлівае [рэжым Лукашэнкі]».

Асобна быў разгледжаны пазоў бізнэсоўца Аляксандра Зайцава. Суд адзначыў, што Зайцаў — былы памочнік Віктара Лукашэнкі, сына Аляксандра Лукашэнкі, і дзякуючы доступу да сям’і Лукашэнкі «атрымлівае выгадныя кантракты для сваіх эканамічных прадпрыемстваў».

У рашэньні суду падкрэсьліваецца, што «Брэміна-Груп» «зьяўляецца ініцыятарам і сумэнэджарам праекту асаблівай эканамічнай зоны «Брэміна-Ворша», створанай указам Лукашэнкі. Кампанія «атрымала дзяржаўную падтрымку, а таксама шэраг фінансавых, падатковых і іншых ільготаў», гаворыцца ў рашэньні суду.

«Уладальнікі „Брэміна-Воршы“ Аляксандар Зайцаў, Мікалай Варабей і Аляксей Алексін належаць да блізкага кола бізнэсоўцаў, зьвязаных з Лукашэнкам, і падтрымліваюць шчыльныя сувязі зь ім і ягонай сям’ёй», — адзначаецца ў справе Зайцава.

Суд зрабіў выснову, што бізнэсоўцы і «Брэміна-Груп» здабываюць выгаду з супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі.

У сувязі з гэтым Вараб’ю і Зайцаву адмоўлена ў задавальненьні пазоваў. Іх абавязалі аплаціць судовыя выдаткі.

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Мікалая Вараб’я ў сьнежні 2020 году, супраць Аляксандра Зайцава — у чэрвені 2021 году.

Пасьля сьнежаньскіх санкцыяў 2020 году Мікалай Варабей, як і іншыя паплечнікі Лукашэнкі, вырашыў вывесьці свае актывы з-пад санкцыйнага ціску, проста перапісаўшы іх на іншых асобаў. Так, у канцы 2020 году Верабей перапісаў свой базавы актыў — «Чырвоны Бор» — на Алесю Беражную, Вячаслава Атрахімовіча ды Ірыну Панкратаву.

Беражная і Атрахімовіч — топ-мэнэджары алігарха, займалі тады пасады дырэктаркі і галоўнага бухгальтара кампаніі «Інтэрсэрвіс». Панкратава на пачатку 2010-х была індывідуальнай прадпрымальніцай у Наваполацку.

Аднак схема зь перапісваньнем актываў перастала працаваць летам 2021 году, калі Эўразьвяз і ЗША пачалі ўводзіць санкцыі супраць канкрэтных кампаніяў Вараб’я. Праз два гады банк паплечніка Лукашэнкі фактычна перастаў існаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG