У пакет павінны былі ўвайсьці 4 мільёны патронаў, больш за 5 тысяч артылерыйскіх снарадаў, 140 ракет для комплексу СПА «Куб», які Славаччына паставіла Ўкраіне раней, і восем мінамётаў з боепрыпасамі для іх.
З пачатку расейскага шырокамаштабнага ўварваньня Славаччына перадала Ўкраіне 13 пакетаў вайсковай дапамогі на агульную суму 671 мільён эўра. Сярод іншага, Украіне перадалі каля 10 самалётаў МіГ-29, практычна ўсе зьнішчальнікі, якія былі ў Славаччыны на ўзбраеньні. Да іх замены паветраную прастору краіны ахоўваюць зьнішчальнікі суседняй Чэхіі.
Левы папуліст Робэрт Фіца прыйшоў да ўлады ў тым ліку з абяцаньнем спыніць пастаўкі зброі Ўкраіне. Пасьля выбараў ён заявіў, што краіна больш ня будзе надаваць Украіне вайсковую дапамогу, абмежаваўшыся гуманітарнай.
Публічныя выказваньні і пазыцыя новага прэм’ера шмат у чым супадаюць з думкаю кіраўніка ўраду Вугоршчыны Віктара Орбана. Фіца, у прыватнасьці, заклікае да пачатку перамоваў паміж Украінай і Расеяй без папярэдніх умоваў. Пазыцыя большасьці краін Эўразьвязу іншая.
Адмовіўшыся ад паставак зброі Ўкраіне на дзяржаўным узроўні, урад Фіца заяўляе, што ня будзе перашкаджаць прыватным славацкім кампаніям у выкананьні іх кантрактных абавязаньняў, у тым ліку тых, якія датычацца паставак узбраеньняў Украіне.