Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпет аднавіў працу кантрольна-прапускнога пункту Рафах на мяжы з сэктарам Газа


Кантрольна-прапускны пункт Рафах
Кантрольна-прапускны пункт Рафах

Памежная служба Эгіпту абвясьціла, што аднаўляе кантрольна-прапускны пункт Рафах на мяжы з сэктарам Газа.

Як і раней, Эгіпет гатовы пускаць у краіну толькі тых жыхароў Палестыны, якія маюць грамадзянства іншых дзяржаў і ўключаны ў загадзя складзеныя сьпісы. Эгіпет таксама гатовы прыняць цяжкапараненых.

Сілы абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) абвясьцілі ў нядзелю ўвечары, што ім удалося цалкам акружыць горад Газа, перакрыўшы яго сувязь з поўднем сэктара. ЦАХАЛ усталяваў кантрольна-прапускны пункт, празь які цывільныя асобы могуць эвакуавацца на поўдзень сэктара, дзе менш абстрэлаў. У інтэрнэце публікуюцца відэаролікі, на якіх бачна, як жыхары Газы накіроўваюцца на поўдзень па гэтым гуманітарным калідоры.

Міністэрства аховы здароўя сэктару Газа, якое знаходзіцца пад кантролем ХАМАС, абвясьціла ў панядзелак, што колькасьць загінулых у выніку ізраільскага абстрэлу з 7 кастрычніка перавысіла 10 тысяч чалавек, больш за 4 тысячы зь іх дзеці. Незалежных пацьверджаных дадзеных няма. ААН чарговы раз заклікала абодва бакі неадкладна спыніць агонь.

Ізраіль і сэктар Газа працягваюць абстрэльваць адзін аднаго. У Ізраілі сыгналы аб налёце гучаць на поўдні і ў цэнтры краіны. Акрамя таго, поўнач краіны абстрэльваюць зь Лібану і Сырыі.

На фоне эскаляцыі канфлікту пачасьціліся напады палестынцаў на ізраільскіх вайскоўцаў і паліцыянтаў. У Ерусаліме 16-гадовы падлетак напаў з нажом на двух памежнікаў — мужчыну і жанчыну. Яго застрэлілі на месцы. Абодвух параненых памежнікаў шпіталізавалі: мужчына быў у стане сярэдняй цяжкасьці, ягоная напарніца — у цяжкім, пазьней яна памерла ў бальніцы.

Ізраільская паліцыя арыштавала папулярную прапалестынскую актывістку Ахед Тамімі, якая напісала ў сацыяльных сетках, што палестынцы на Заходнім беразе ракі Ярдан будуць забіваць габрэяў і «піць кроў зь іх чэрапа». «Тое, што зрабіў Гітлер, падасца вам жартам», — напісала Тамімі. У падлеткавым узросьце яна ўжо была асуджаная на восем месяцаў зьняволеньня за напад на паліцыянтаў. Таксама 22 прыхільнікі ХАМАС з Усходняга Ерусаліму былі арыштаваныя за распальваньне нянавісьці і незаконнае захоўваньне зброі.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у панядзелак правёў перамовы зь міністрам замежных спраў Турэччыны Хаканам Фіданам. Яны абмеркавалі дастаўку гуманітарнай дапамогі ў сэктар Газа і недапушчэньне эскаляцыі блізкаўсходняга канфлікту. МЗС Турэччыны таксама настойвае на неадкладным спыненьні агню ў сэктары Газа, хаця б у рамках гуманітарнай паўзы.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Разбуральная вайна Ізраілю ў cэктары Газа ў лічбах.
  • «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

  • «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG