Кіроўная партыя Малдовы «Дзеяньне і салідарнасьць», якую ў 2016 годзе стварыла дзейная прэзыдэнтка Мая Санду, па выніках мясцовых выбараў павялічыць сваё прадстаўніцтва ў мясцовых органах улады.
Партыя «Дзеяньне і салідарнасьць» перамагла ў 19 з 32 раёнаў. Гэта ў 8 разоў лепш, чым у 2019 годзе, але гэтая палітычная сіла ўсё роўна нідзе ня зможа сфармаваць большасьць.
Як паведаміла малдоўская служба Радыё Свабода, на поўначы краіны выбарнікі прагаласавалі за прарасейскую Партыю сацыялістаў, якую з канца 2020 году ўзначальвае экс-прэзыдэнт Малдовы Ігар Дадон. Але нават на поўначы прадстаўнікі гэтай палітычнай сілы страцілі сваё прадстаўніцтва ў пяці раёнах.
Яшчэ адну прарасейскую партыю «Шанец» зьнялі з выбараў за два дні да галасаваньня зь меркаваньняў бясьпекі. Выведка Малдовы паведаміла, што задакумэнтавала некалькі схемаў, празь якія палітычная сіла атрымлівала фінансаваньне з-за мяжы, у тым ліку з Расеі.
Яўка выбарнікаў склала 41,4% (больш за 1,147 мільёна грамадзян). Гэты паказьнік крыху меншы, чым аналягічны ў 2019 годзе.
У Кішынёве кіроўная партыя прайграла. Па выніках выбараў мэрам сталіцы застанецца Іон Чабан, які да 2019 году ўзначальваў фракцыю Партыі сацыялістаў у гарадзкой радзе. Ён атрымаў падтрымку 50% выбарнікаў, што выключыла неабходнасьць правядзеньня другога туру галасаваньня. Кіроўная партыя разглядае яго як патэнцыйнага хаўрусьніка Расеі.
Цяперашнія мясцовыя выбары сталі апошнімі перад выбарамі прэзыдэнта Малдовы, якія маюць прайсьці ў лістападзе 2023 году.
Дзейная ўлада Малдовы праводзіць палітыку збліжэньня з Эўрапейскім Зьвязам. Пры кіраўніцтве Маі Санду Малдова разам з Украінай падала заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз і пачала працэдуру выхаду з СНД — постсавецкага інтэграцыйнага аб’яднаньня.