Пра гэта паведамляе малдоўская служба Радыё Свабода.
У адпаведнасьці з праектам рашэньня, падпісаным міністрам фінансаў Пэтру Ратару, сума, якую вылучаюць на аплату штогадовых сяброўскіх унёскаў Рэспублікі Малдова ў міжнародных арганізацыях у 2023 годзе, зьмяншаецца на 16 млн леяў (прыблізна 900 тысячаў даляраў у эквіваленце) — з 66,5 млн да 50,5 млн леяў.
Зьніжэньне абумоўленае ў асноўным тым, што Малдова больш ня будзе плаціць унёскі за ўдзел у Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД і ў сямі іншых інстытуцыях Садружнасьці.
На фоне расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне ўлады Кішынёва заявілі, што Малдова паступова выходзіць з СНД і ўжо дэнансавала дзясяткі пагадненьняў, падпісаных у рамках арганізацыі, створанай у 1991 годзе, пасьля распаду СССР.
У ліпені парлямэнт прагаласаваў за выхад Малдовы з Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД і з пагадненьняў, якія прадугледжваюць фармаваньне адзінай адукацыйнай прасторы, абмен інфармацыяй аб надзвычайных сытуацыях паміж дзяржавамі-чальцамі арганізацыі і многія іншыя.
На пачатку красавіка 2023 году прэсавы сакратар ураду Даніэль Водэ заявіў, што Малдова больш ня будзе фінансаваць дзейнасьць Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір», на якую штогод вылучалі каля 3,4 млн леяў (каля 200 тысячаў даляраў у эквіваленце). Кампаніі належаць два тэлеканалы — «Мір ТВ» і «Мір 24», іх рэтрансьляцыя ў Малдове была спыненая.
«Нуль леяў грошай падаткаплатнікаў на прапаганду і дэзынфармацыю», — сказаў тады Водэ.