Натальля Пінчук, жонка зьняволенага беларускага праваабаронцы, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, выступіла з прамовай на Сусьветным форуме за дэмакратыю, які праходзіць з 6 па 8 лістапада ў Страсбуры (Францыя). Тэма сёлетняга Форуму — «Дэмакратыя = мір?».
У сваёй прамове Пінчук зазначыла, што Беларусь — не Расея, і заявіла, што беларускі народ ня хоча быць часткай Расейскай імпэрыі і ваяваць за яе.
«Гэта галоўная прычына, чаму Лукашэнка не асьмеліўся адправіць беларускае войска на тэрыторыю Ўкраіны», — сказала Натальля Пінчук.
29 гадоў дыктатура Лукашэнкі зьнішчае свабоду беларусаў і самую беларускую ідэнтычнасьць, з 2020 году гэтае зьнішчэньне набыло выразныя рысы вайны зь беларускім народам, падкрэсьліла Натальля Пінчук.
«Удзельнікаў мірнага пратэсту адкрыта забівалі на вуліцах, а цяпер даводзяць да сьмерці палітычных вязьняў у турмах. Палітычных вязьняў у нас, паводле падлікаў праваабаронцаў, вядома паўтары тысячы, але папраўдзе іх больш, дзясяткі, а можа ўжо і сотні тысяч пацярпелі ад рэпрэсіяў, найбольш адукаваных, у самым працавітым узросьце, найбольш свабодалюбных людзей выціскаюць з краіны, пазбаўляючы яе будучыні. Так Беларусь робяць тэрыторыяй без народу, пляцдармам для наступных чужых агрэсіўных плянаў», — сказала Пінчук.
Таксама Натальля паведаміла, што яе мужа, палітзьняволенага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, за ўяўныя правіны зьмясьцілі ў адзіночную камэру.
«Тым часам лукашэнкаўскае Міністэрства ўнутраных справаў абвясьціла створаны Алесем Праваабарончы цэнтар „Вясна“ і яго інфармацыйныя рэсурсы „экстрэмісцкім фармаваньнем“. Гэта значыць, што дыктатар лічыць „экстрэмізмам“ абарону правоў чалавека. Сёньня дамагацца безумоўнай свабоды для Алеся Бяляцкага, для ўсіх беларускіх палітычных вязьняў, дамагацца свабоды для Беларусі — гэта значыць адстойваць мірную будучыню Беларусі. І Ўкраіны, і нашага рэгіёну, а значыць, і сьвету ў цэлым. Свабода — гэта мір», — заявіла Натальля Пінчук.