Цягам двух гадоў Дзяржаўная памежная служба Літвы павінна папоўніцца новымі афіцэрамі, якія будуць ахоўваць мяжу зь Беларусьсю, піша BNS.
«Агульная колькасьць дадатковых афіцэраў праз два гады складзе каля 450 чалавек, іх накіруюць на ахову мяжы зь Беларусьсю», — заявіў камандуючы службай Рустам Любаеў падчас паседжаньня камітэту Сэйму ў нацыянальнай бясьпецы і абароне.
Пашырэньне Дзяржаўнай памежнай службы Літвы адбудзецца ў 2024-2025 гадах.
«Мы прагледзелі нашы кадравыя варыянты, відаць, цяжка будзе арганізаваць навучаньне і запоўніць пасады адразу за год. У выніку мы прагназавалі праз два гады. Пачнем з наступнага году, калі будзе зацьверджаны бюджэт, а скончым у наступным годзе», — патлумачыў Любаеў.
Паводле яго слоў, набор такой колькасьці афіцэраў быў бы значным, бо цяпер у службе іх 4,3 тысячы чалавек.
Новыя афіцэры перад пачаткам службы павінны прайсьці трохмесячны ўводны курс.
Больш чым за два гады літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 21,5 тысячы мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Некаторыя спрабавалі перасекчы мяжу не аднойчы.
Бюджэт на наступны год Рустам Любаеў назваў рэкордным. Ён павінен дасягнуць 135 мільёнаў эўра. Сёлета на гэтыя мэты накіравалі 78,5 мільёна эўра.
Паводле словаў Любаева, шмат ужо зроблена ў справе ўкараненьня вайсковага стандарту, гэта значыць пераўзбраеньня памежнікаў па стандартах NATO — летась закупілі новае ўзбраеньне на 3,5 мільёна эўра, сёлета ўжо 7 млн эўра.