Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідуць на сьмерць». «Мясныя штурмы» пад Аўдзееўкай


Бой у Аўдзееўцы, сакавік 2023
Бой у Аўдзееўцы, сакавік 2023

У кастрычніку 2023 году расейская армія пачала чарговую масаваную атаку на ўкраінскі горад Аўдзееўка, які стаіць на шляху да Краматорску і Славянску.

У баях за апусьцелы і разбамбаваны горад адбываюцца так званыя «мясныя штурмы», калі камандаваньне ставіць задачу ўзяць населены пункт любой цаной, гэта значыць жывой сілай, бяз тэхнікі і падтрымкі артылерыі. Страты пад Аўдзееўкай экспэрты параўноўваюць з масавай гібельлю вайскоўцаў пад Бахмутам. Чаму Аўдзееўка такая важная расейскаму камандаваньню? — адказ высьвятляла мэдыя Сибирь.Реалии.

У кастрычніку 2023 году галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валер Залужны паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што расейскія войскі працягваюць спробы акружыць Аўдзееўку і актыўна ўжываюць штурмавыя атрады. «На вайне няма звычайных участкаў фронту. Ёсьць толькі тыя, дзе больш складана. Цяпер — гэта Аўдзееўка. Вораг актыўна ўжывае штурмавыя падразьдзяленьні, кідае вялікую колькасьць бранятэхнікі, выкарыстоўваючы авіяцыю і артылерыю», — напісаў Залужны.

Аўдзееўка — першы буйны населены пункт ад Данецку ў кірунку Краматорску і Славянску. За апошні год, па дадзеных мясцовай адміністрацыі, у горадзе не засталося цэлых будынкаў, а насельніцтва зьменшылася з 35 тысяч жыхароў да 1,5 тысячы. Мясцовыя паліцыянты эвакуююць штодня па некалькі чалавек — у асноўным гэта старыя, якія ня могуць перасоўвацца самі.

Аўдзееўка, Данецкая вобласьць, сакавік 2023
Аўдзееўка, Данецкая вобласьць, сакавік 2023

Пра «мясныя штурмы» ў Данецкай вобласьці, у тым ліку ў Аўдзееўцы, гаварылі яшчэ да пачатку восеньскага наступу — на пачатку 2023 году. У сакавіку ў рэдакцыю «Сибирь.Реалии» зьвярнуўся сябра мабілізаванага з Омску, які паведаміў, што з батальёну ў 300 добраахвотнікаў у жывых засталіся двое.

«Учора ён мне тэлефанаваў апошні раз проста зь перадавой. Сказаў: «Я на два кілямэтры ўбок сышоў, рызыкую, таму што ў сьпіну страляюць тым, хто вяртаецца ці сыходзіць з пазыцыяў. Але я павінен сказаць: гэта поўная дупа, і я іду ў адмову. Усё, кранты, хлопцаў нашых няма. З кім я ехаў з Омску — 300 (!) чалавек, іх проста няма. І калі ты пачынаеш адмаўляцца, дээнэраўцы: „Давай — у клетку, і потым альбо мы цябе ў ёй застрэлім, альбо пойдзеш на штурм“. А самі тым часам адседжваюцца ў акопах. Выкідаюць проста на „паласу пасадкі“, і ім адтуль трэба адбіваць аўдзееўскія пазыцыі. А там умацаваны раён УСУ — усё перакапана, у бэтон усё заліта, там проста немагчыма выжыць», — расказаў ён.

У сетцы апублікавана некалькі відэазваротаў салдатаў палку № 1439 з Іркуцкай вобласьці. У прыватнасьці, напярэдадні штурму яны зьвярталіся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна са скаргай на тое, што іх без аніякай падрыхтоўкі адпраўляюць «на забой», а пры адмове — страляюць у іх з аўтамата. Гэты зварот застаўся без адказу, як і два папярэднія. У ноч з 28 лютага на 1 сакавіка тры батальёны гэтага палку практычна цалкам былі зьнішчаныя падчас штурму.

Для Ўкраіны магчымая страта Аўдзееўкі будзе азначаць найперш іміджавы ўдар, піша ВВС. Аўдзееўка ўсе гэтыя гады мела сымбалічнае значэньне, несла непасрэдную пагрозу расейскім уладам у Данецку і адцягвала на сябе буйныя сілы. Пакінуўшы Аўдзееўку, УСУ будуць вымушаныя ўзводзіць новыя ўмацаваньні на ўчастку фронту паміж Тарэцкам і Мар’інкай.

Расейская тэхніка, зьнішчаная ў Данецкай вобласьці пад Ліманам
Расейская тэхніка, зьнішчаная ў Данецкай вобласьці пад Ліманам

Для расейскага боку Аўдзееўка мае толькі палітычнае, але зусім не ваеннае значэньне, лічыць вайсковы экспэрт Юры Фёдараў.

— Страты там вельмі вялікія. Гэта старая савецкая тактыка: засыпаць целамі ўмацаваньні праціўніка ці кідаць у бой вялікія масы салдатаў, каб рана ці позна ўзяць умацаваньні. У боку, які абараняецца, рана ці позна скончацца боепрыпасы, альбо асабовы склад стоміцца псыхалягічна. Нічога іншага ў расейцаў не застаецца. Гістарычна ў некаторых выпадках такая тактыка была эфэктыўная, у некаторых — не. Вядома, напрыклад, што падчас Другой сусьветнай вайны маршал Жукаў на працягу году штурмаваў «ржэўскія вышыні», пагнаўшы на сьмерць каля мільёна савецкіх салдат, але так іх і ня ўзяў. А калі гаворка ішла аб штурме Бэрліну, то ўрэшце яго ўзялі, але страты былі таксама калясальныя.

— У чым каштоўнасьць Аўдзееўкі для расейскага боку?

— Гаворка ідзе не пра горад, а пра ўмацаваны раён. Ён будаваўся як мінімум цягам сямі гадоў Украінай пасьля 2015 году. Гэта сыстэма ўмацаваньняў, фартыфікацыяў: рознага роду равы, супрацьтанкавыя ўмацаваньні, зааглыбленыя ў зямлю пазыцыі. Усё гэта заліта бэтонам. Гэта выступ, які накіраваны ўглыб акупаванай Расеяй тэрыторыі і нібы навісае над Данецкам. Узяцьцё яго расейскімі войскамі хады вайны ня зьменіць ніякім чынам, але палітычна, хутчэй за ўсё, гэта будзе пададзена як буйная перамога, супастаўная са Сталінградам.

У ваенным сэнсе ўзяцьцё Аўдзееўкі нічога асабліва ня зьменіць падчас вайны: невялікая частка тэрыторыі Данецкай вобласьці пяройдзе ў рукі расейцаў. А далейшы наступ углыб Украіны маларэальны. Наступ магчымы там, дзе ёсьць сурʼёзныя дарогі. А з-пад Аўдзееўкі вядзе адна дарога, і тая не найлепшай якасьці.

— Вы пісалі пра тое, што і Расея, і Ўкраіна доўгі час ня могуць дасягнуць сваіх мэтаў. Калі чакаць нейкіх зьменаў на лініі фронту?

— У бліжэйшыя тыдні і нават месяцы ніякіх зьменаў чакаць не выпадае. Усе ранейшыя прагнозы былі больш аптымістычнымі, чым сёньняшняя рэальнасьць. Наступ УСУ аказаўся не такі ўдалы, як спадзяваліся — гэта прызнаў і галоўнакамандуючы УСУ генэрал Залужны. Можна меркаваць, што ў бліжэйшыя месяцы будзе тое, што называецца пазыцыйная вайна. Лінія фронту ня будзе рухацца.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG