Праекту Радыё Свабода «Idel.Реалии» ўдалося пацьвердзіць інфармацыю пра абстрэл батальёну мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў з Чувашыі ў Запароскай вобласьці.
Раней некалькі тэлеграм-каналаў і СМІ паведамлялі, што «29 кастрычніка пры падрыхтоўцы да руху 1-ы батальён 1251-га мотастралковага палку быў абстраляны ракетамі HIMARS». Удакладнялася, што полк быў сфармаваны з мабілізаваных жыхароў расейскай Чувашыі, а камандаваў палком ураджэнец рэспублікі Ўладзіслаў Матузас.
«Idel.Реалии» зьвязаліся зь некалькімі вайскоўцамі, ураджэнцамі Чувашыі, якія былі мабілізаваныя на вайну супраць Украіны восеньню 2022 году. Вайскоўцы пацьвердзілі інфармацыю пра абстрэл, паказаўшы відэа зь месца падзей.
На адным з дагэтуль неапублікаваных відэа (яно ёсьць у распараджэньні рэдакцыі) таксама бачныя чорныя поліэтыленавыя пакеты, падпісаныя імёнамі і прозьвішчамі загінулых салдат, зь якіх тырчаць часткі целаў. На пытаньне журналіста, што менавіта паказана на відэа, расейскі вайсковец адказаў: «Страшныя кадры, не публікуйце».
«Батальён з мабілізаванымі на запароскім напрамку быў абстраляны ў нядзелю, 29 кастрычніка», — пракамэнтаваў мабілізаваны з Чувашыі, зь якім удалося зьвязацца рэдакцыі.
Яшчэ адзін вайсковец, які пацьвердзіў інфармацыю пра абстрэл, — таксама ўраджэнец Чувашыі, але служыць на іншым напрамку. Паводле яго, навіну пра абстрэл яму ўдалося даведацца ад аднапалчан, зь якімі ён падтрымлівае сувязь праз сацыяльныя сеткі. Рэдакцыі вядомыя імёны ўсіх суразмоўцаў.
Таксама 1 лістапада ў сацсетках зьявілася інфармацыя пра гібель 29 кастрычніка камандзіра «добраахвотніцкага» чуваскага батальёну «Атал» Уладзіслава Матузаса.
Цяпер дакладнай інфармацыі пра загінулых і параненых няма. Як піша «Idel.Реалии», у валянтэрскіх чатах гаворыцца пра 120 забітых і параненых. Пры гэтым рэдакцыі ўдалося зьвязацца са сваякамі параненага ў Запароскай вобласьці мабілізаванага салдата, празь якіх ён змог перадаць, што, паводле ягонай інфармацыі, у выніку абстрэлу загінулі 47 вайскоўцаў з Чувашыі.
Расейскія афіцыйныя асобы не паведамляюць дадзеных пра загінулых і папярэджваюць пра адказнасьць за распаўсюд «фэйкаў» пра расейскае войска.
Вядома, што батальён «Атал» уваходзіў у склад 1251-га мотастралковага палку і разьмяшчаўся ў раёне Ільчанкава — на Такмацкім напрамку Запароскай вобласьці. Сфармаваны зь ліку мабілізаваных з расейскай Чувашыі. Раней сем’і вайскоўцаў батальёну скардзіліся, што ім не выплачваюць абяцаных за службу грошай.
- Паводле падлікаў «Idel.Реалии», з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну загінулі 265 ураджэнцаў і жыхароў Чувашыі. У гэты сьпіс увайшлі толькі тыя, чыю сьмерць так ці інакш прызналі ўлады Расеі, сваякі загінулых, навучальныя і іншыя дзяржаўныя ўстановы. Рэальныя лічбы могуць быць вышэйшыя.
- Украіна і Расея амаль не даюць інфармацыі пра свае страты ў вайне. Афіцыйна апошні раз Масква называла колькасьць загінулых больш за год таму. Кіеў ня стаў гэтага рабіць, заявіўшы, што дадзеныя абнародуюць пасьля вайны.
- Розныя аглядальнікі і СМІ спрабуюць падлічыць страты, аналізуючы адкрытыя дадзеныя. Журналісты расейскай службы BBC і «Медиазоны» разам з камандай валянтэраў пацьвердзілі гібель 34 857 расейскіх вайскоўцаў на вайне ва Ўкраіне па стане на 20 кастрычніка. Журналісты падкрэсьліваюць, што гэтыя лічбы загінулых — «найбольш кансэрватыўная ацэнка страт сярод мабілізаваных, бо ўлічваюцца толькі тыя выпадкі, калі сьмерць пацьверджаная публічна і калі можна вызначыць статус удзельніка баявых дзеяньняў».