Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дарогу сьмерці» каля Курапатаў усё яшчэ могуць забудаваць катэджамі з капліцай


Праект падзелу тэрыторыі ў ахоўнай зоне Курапатаў
Праект падзелу тэрыторыі ў ахоўнай зоне Курапатаў

Праблема ахоўнай зоны Курапатаў і захаваньня гістарычнай памяці пра масавыя забойствы ва ўрочышчы застаецца актуальнай больш як тры дзесяцігодзьдзі.

Як высьветліла Свабода, сучасныя кадастравыя мапы паказваюць, што наданьне ахоўнага статусу не дае ўрочышчу поўнай абароны ад забудовы. Дагэтуль на ахоўнай тэрыторыі знаходзяцца зямельныя надзелы, прызначэньне якіх пярэчыць статусу каштоўнасьці.

Курапаты — месца масавых расстрэлаў пад Менскам, дзе савецкія ўлады забілі, паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек. Магчыма, якраз тут у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД расстраляў больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — выбітных дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, грамадзкіх дзеячоў.

3 чэрвеня 1988 году газэта «Літаратура і мастацтва» надрукавала артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці», адкуль сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі і пра тое, што адбывалася ў менскім урочышчы.

Ахоўную зону Курапатаў за апошнія дзесяцігодзьдзі зьмянялі некалькі разоў.

Пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі праз Курапацкі лес правялі частку Менскай кальцавой дарогі, у выніку чаго былі парушаныя месцы пахаваньняў. Пры самай ахоўнай зоне Курапатаў у 2017 годзе плянавалі ўзьвесьці офісны будынак, але тады гэтае месца пратэстоўцам удалося адстаяць. А ў 2018 годзе каля ўрочышча зь відам на крыжы адкрыўся рэстаран «Поедем поедим», супраць будаўніцтва якога беларуская грамадзкасьць пратэставала амаль год.

На полі побач з Курапатамі, па якім, як кажуць гісторыкі, праходзіла «дарога сьмерці» (ёю вазілі на расстрэл вязьняў — ёсьць сьведчаньні відавочцаў), хацелі пабудаваць нацыянальны выставачны цэнтар. Загад узьвесьці яго Лукашэнка аддаваў у 2019 годзе, тэрмін рэалізацыі — да 2021 году. Але гэтага не адбылося. Поле працягвае выкарыстоўваць агракамбінат «Дзяржынскі» ў сельскагаспадарчых мэтах, што не пярэчыць ахоўнаму статусу мясьціны.

Выгляд поля ў 2019 годзе
Выгляд поля ў 2019 годзе

Схема ахоўных зонаў Курапатаў абапіраецца найперш на праект Тацяны Косьціч і Вольгі Кукуні з «Праектрэстаўрацыі», выкананы ў 2003 годзе на замову Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Зьверху зьлева — праект 2003 году Т. Косьціч і В. Кукуні. Зьверху справа — ухваленыя Міністэрствам культуры ў 2004 годзе зоны мэмарыялу. Зьнізу зьлева — межы зонаў, прынятыя міністэрствам у 2014 годзе. Зьнізу справа — прапанова «Экспэртаў у абарону Курапатаў»
Зьверху зьлева — праект 2003 году Т. Косьціч і В. Кукуні. Зьверху справа — ухваленыя Міністэрствам культуры ў 2004 годзе зоны мэмарыялу. Зьнізу зьлева — межы зонаў, прынятыя міністэрствам у 2014 годзе. Зьнізу справа — прапанова «Экспэртаў у абарону Курапатаў»

На сучаснай кадастравай мапе мы заўважылі, што на полі, якое паводле дакумэнтаў належыць на праве пастаяннай уласнасьці агракамбінату «Дзяржынскі», усё яшчэ знаходзяцца два зямельныя надзелы, статус якіх не зьмяніўся і пасьля хваляў пратэстаў супраць іх.

Сучасны выгляд зямельных надзелаў і ахоўнай зоны на полі каля Курапатаў
Сучасны выгляд зямельных надзелаў і ахоўнай зоны на полі каля Курапатаў

Адзін зь іх — капліца, якую згодна з усімі дакумэнтамі могуць разьмясьціць у ахоўнай зоне Курапатаў. Зямельны ўчастак плошчай 0,17 гектара для пастаяннага карыстаньня быў замацаваны за Сьвята-Ўваскрасенскім праваслаўным прыходам Менску ў 2002 годзе і мае такі статус дагэтуль. Мэтавае прызначэньне — пабудова капліцы Спасу Нерукатворнага.

Невядома, на падставе якіх дакумэнтаў выдаваўся дазвол на пабудову, але, згодна з усімі «абнаўленьнямі» мапаў, участак разьмяшчаецца непасрэдна ў ахоўнай зоне Курапатаў і закранае «дарогу сьмерці». Тады, на пачатку 2000-х, пасьпелі толькі закласьці падмурак, але пасьля абурэньня грамадзкасьці будоўлю згарнулі, а падмурак засыпалі.

Пачатак будаўніцтва капліцы «Спасу Нерукатворнага» на полі каля Курапатаў. Фатаздымак пачатку 2000-х
Пачатак будаўніцтва капліцы «Спасу Нерукатворнага» на полі каля Курапатаў. Фатаздымак пачатку 2000-х

Другі ўчастак знаходзіцца ва ўсходняй частцы поля і непасрэдна прымыкае да тэрыторыі пад капліцу. Паводле прызначэньня гэта «зямельны ўчастак для разьмяшчэньня аб’ектаў сядзібнай забудовы (будаўніцтва і абслугоўваньне жылога дому) з аб’ектамі абслугоўваньня». Мэтавае прызначэньне — «будаўніцтва жылога раёну катэджнай забудовы».

Цікава, што гэты ўчастак вылучаны кампаніі ТДА «Вігэўрабуд» яшчэ ў 2002 годзе, калі гэтая будаўнічая арганізацыя атрымала дазвол збудаваць вялікі жыльлёвы комплекс у пасёлку Сонечным каля Курапатаў. Пасьля шматлікіх пратэстаў грамадзкасьці, а таксама скандалаў з махінацыямі вакол уладальніка будаўнічай кампаніі і праблемаў з пракладаньнем камунікацыяў, пасёлак пабудавалі толькі часткова, але ўжо далей ад ахоўнай зоны. Усё гэта адбылося шмат у чым дзякуючы намаганьням навуковай кіраўніцы мэмарыялу «Курапаты» Маі Кляшторнай, якая патрабавала ад розных дзяржаўных установаў спыніць парушэньні закону з боку фірмы «Вігэўрабуд» і праваслаўнага прыходу.

У 2012 годзе права арэнды ў кампаніі «Вігэўрабуд» забралі. Але, як бачым, зямельны ўчастак пад катэджную забудову на полі каля Курапатаў застаецца на кадастравай мапе. Апошняе абнаўленьне яго межаў зроблена 3 лютага 2021 году.

Да гэтай пары пахаваньні ў Курапатах застаюцца не да канца дасьледаванымі. Ад уладаў не чуваць і плянаў зрабіць гэта. Месца масавага расстрэлу беларусаў у 1993 годзе, за год да прыходу Лукашэнкі, прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасьцю 1-й катэгорыі, яна павінна асабліва ахоўвацца дзяржаваю. Але дагэтуль у кадастравых дакумэнтах гэтая тэрыторыя мае прызначэньне «зямельны ўчастак для вядзеньня лясной гаспадаркі».

«Курапаты ўсё роўна працягнуць існаваць. Гэта ўжо сусьветная зьява»

Ігар Чарняўскі, былы начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, у інтэрвію Радыё Свабода ў 2018 годзе казаў: «Неабходна распрацаваць хаця б у „ручным“ рэжыме канцэпцыю, як выкарыстоўваць тэрыторыю вакол Курапатаў. Колькі часу прайшло, колькі людзей хвалюецца, турбуецца, акцыі адбываюцца. І няма нічога. Я ня ўпэўнены, што на гэтым ціхім цяпер полі зноў ня зьявіцца нейкая чарговая інвэстыцыя».

У Курапатах надалей рэгулярна адбываюцца акты вандалізму, якія сілавікі не расьсьледуюць. Ня раз невядомыя ламалі ў Курапатах крыжы, зьбівалі мэмарыяльныя таблічкі, апаганьвалі месца прарасейскімі і нацысцкімі надпісамі. Некалькі разоў разьбівалі так званую «лаву Клінтана», — памятны знак, усталяваны пасьля прыезду ў Курапаты дэлегацыі Злучаных Штатаў на чале з прэзыдэнтам Білам Клінтанам у 1994 годзе.

Грамадзкая дзяячка Валерыя Чарнаморцава, дасьледчыца беларускіх вязьняў ГУЛАГу, экскурсаводка, у інтэрвію Свабодзе кажа, што ўлады не шануюць належным чынам такія месцы, бо ўспрымаюць сябе як духоўных нашчадкаў тых, хто там расстрэльваў.

«Для іх героі ня тыя, каго расстралялі, а тыя, хто расстрэльваў. Многія зь цяперашніх сілавікоў і зараз бы завезьлі „палітычных“ і „экстрэмістаў“ у Курапаты і расстралялі б. Не было належнага асэнсаваньня ў беларускім грамадзтве гэтага месца. Калі б яно ўсьвядоміла своечасова той 37-ы год, то 37-ы не наступіў бы цяпер».

Адзін з адкрывальнікаў Курапатаў Зянон Пазьняк кажа Свабодзе, што зьнішчыць іх немагчыма.

«Нават калі б улады іх поўнасьцю разбурылі, узаралі, узарвалі атамную бомбу, Курапаты ўсё роўна працягнуць існаваць. Гэта ўжо сусьветная зьява, яна ўвайшла ў сьвядомасьць, у навуку, яна ўвайшла ў людзкую мэнтальнасьць. Чым больш яны такія рэчы робяць, крыжы ламаюць і так далей, тым больш яны ўмацоўваюць сакральнасьць Курапатаў».

Валерыя Чарнаморцава лічыць, што Курапаты павінны быць для беларусаў ня толькі сымбалем сьмерці, але сымбалем уваскрошаньня нацыі. «Гэта адзін з падмуркаў нашай незалежнасьці. Калі б Курапаты не былі адкрытыя, можа, мы б не дамагліся ўвогуле яе».

Пасьля падзей 2020 году беларуская пракуратура праводзіць масавыя раскопкі пахаваньняў Другой сусьветнай вайны па ўсёй Беларусі, даказваючы зьверствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але ў той жа час месцы расстрэлаў і злачынстваў савецкай улады працягваюць замоўчваць. Ахоўная зона Курапатаў дагэтуль застаецца пад пагрозай забудовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG