Свабода прыгадала вытокі мерапрыемства «Ноч паэтаў», паглыбілася ў гісторыю і пачытала публікацыі мінулых гадоў.
Празь перасьлед нязгодных з рэжымам Лукашэнкі мерапрыемствы «Ночы паэтаў», чытаньні паэзіі расстраляных паэтаў адбудуцца за мяжой, а ў самой Беларусі ладзіць падобныя імпрэзы стала немагчымым.
Савецкія рэпрэсіі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў, у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін, у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы невядомыя — КДБ дагэтуль не адкрыў архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Найкрывавейшымі для беларускай гісторыі сталі дні 29 і 30 кастрычніка 1937 году. Тады камуністы расстралялі больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
Расстрэлы адбываліся ў сутарэньнях менскай унутранай турмы НКВД — «Амэрыканкі».
Сьпіс па Беларускай ССР датаваны 15 верасьня 1937 году, падпісаны Сталіным і Молатавым. За тры месяцы да расстрэлу, 1 жніўня 1937 году, ва ўнутраным двары Менскай турмы НКВД БССР спалілі некалькі дзясяткаў тысяч рукапісаў ненадрукаваных твораў, якія не прайшлі цэнзуру.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску, як мяркуецца, ва ўрочышчы Курапаты, савецкая ўлада расстраляла 108 беларускіх інтэлігентаў, дзяржаўных, культурных дзеячаў і навукоўцаў.
Сярод расстраляных былі 22 літаратары: паэты, празаікі, перакладчыкі, крытыкі. Найстарэйшаму з забітых камуністамі, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, а сярод самых маладых былі паэт і перакладчык Юлі Таўбін (26 гадоў), літаратурны крытык Пятро Хатулёў (25), пэдагог і школьны настаўнік Іван Жылуцкі (25).
Расстрэл 29.10.1937 стаў самым трагічным пунктам хвалі маштабных рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусі. Хваля доўжылася з 1929-га па 1938 год, мела на мэце зьнішчэньне нацыянальна арыентаваных творцаў, выкладчыкаў, службоўцаў, навукоўцаў і закранула больш за 500 выдатных дзеячаў беларускай культуры. Некалькі соцень чалавек былі высланыя за межы Беларусі, некалькі соцень расстралялі, дзясяткі адпраўленыя ў лягеры і загінулі ў ГУЛАГу.
Курапаты
3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку сьвет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі.
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937-га па 1941 год у лясным масіве пад Менскам. Гэта пацьвердзілі ўсе праведзеныя расьсьледаваньні.
Мяркуецца, менавіта тут знайшлі свой вечны спачын і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.
Пасьля прыходу да ўлады ў 1994-м Аляксандра Лукашэнкі праз Курапаты збудавалі частку аўтадарогі, у другой частцы ўрочышча нярэдка адбываліся правакацыі — невядомыя, якіх міліцыя ніколі не магла знайсьці і прад’явіць грамадзкасьці, апаганьвалі крыжы, разьбівалі «лаву Клінтана», малявалі свастыкі і прарасейскія лёзунгі.
Традыцыя «Ночы паэтаў»
Ідэя чытаць вершы расстраляных паэтаў у 2017 годзе ўвасобілася ў адмысловую вечарыну.
Тры гады запар у канцы кастрычніка яе праводзілі ў Курапатах. Маліліся за Беларусь каля Крыжа пакуты, зачытвалі прозьвішчы рэпрэсаваных, дэклямавалі вершы творцаў, якія пацярпелі, трапіўшы ў жорны савецкай сыстэмы.
Каля будынка КДБ у цэнтры Менску рабілі акцыю «Ланцуг памяці». Людзі стаялі ў ім з запаленымі зьнічамі, успамінаючы ахвяр.
Праекты, прысьвечаныя расстраляным
Музычны партал TuzinFM стварыў альбом «(Не)расстраляная паэзія» на вершы забітых паэтаў. Ён стварыў умоўны топ-18 паэтаў і іхныя выбраныя творы.
Літаратуразнаўцы чыталі на розных пляцоўках лекцыі, прысвечаныя Майсею Кульбаку, Юрку Лявоннаму, Анатолю Вольнаму, Валеру Маракову, Міхасю Зарэцкаму, Міхасю Чароту і іншым расстраляным паэтам. Зь іх людзі даведваліся ня толькі прозьвішчы забітых, але і пачыналі ўсьведамляць, наколькі таленавітымі яны былі і колькі б маглі стварыць яшчэ.
Да памятнай даты выходзілі кнігі выбраных твораў Алеся Дудара, Юлія Таўбіна і іншых творцаў.
У 2021 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч» выйшла кніга «Нерасстраляныя». Выданьне зьмяшчае гісторыі жыцьця, выбраныя творы і архіўныя здымкі беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў.
У кнізе апавядаецца пра 18 асобаў, сярод іх Цішка Гартны, Вацлаў Ластоўскі, Міхась Чарот, Мойшэ Кульбак, Міхась Зарэцкі. Некаторыя матэрыялы, якія зьмешчаныя ў кнізе, тады апублікавалі ўпершыню.
У кастрычніку 2023 году выпускніца ЭГУ Наста Чарнова падрыхтавала да друку кнігу «Ноч расстраляных паэтаў». Гэта зборнік вершаў рэпрэсаваных паэтаў, які выйшаў у Вільні. Яго распаўсюджваюць бясплатна.
Вечарына ў 2023-м
Праз масавыя рэпрэсіі і перасьлед усяго нацыянальна арыентаванага сёлета «Ноч паэтаў» будзе прэрагатывай беларускіх дыяспар па ўсім сьвеце, ад блізкай Польшчы да далёкай Бразыліі.
Адкрыта ўшаноўваць ахвяр сталінскіх рэпрэсій у самой Беларусі цяпер стала яшчэ больш небясьпечна, чым было раней.
Вечарыны памяці забітай інтэлігенцыі адбудуцца мінімум у 13 краінах сьвету.
У праграме сёлетніх ушанаваньняў — памінальныя службы, шматмоўныя паэтычныя чытаньні, вечары памяці, гістарычныя лекцыі і спэктаклі.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі
Асноўнае пра Курапаты
Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму
Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў
«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі
Картатэка Сталіна