Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перш чым адправіць людзей за краты, ён любіў пазьдзекавацца зь іх». Што вядома пра судзьдзю, які вынес прысуд гурту Tor Band


Судзьдзя Сяргей Салоўскі, які вынес вырак музыкам гурту Tor Band. Архіўнае фота
Судзьдзя Сяргей Салоўскі, які вынес вырак музыкам гурту Tor Band. Архіўнае фота

Музыкам гурту Tor Band прысудзілі ад 7,5 да 9 гадоў зьняволеньня. Расказваем, хто вынес такі прысуд і хто выступаў абвінаваўцам.

Больш як год за кратамі да суду правялі ўдзельнікі вядомага беларускага гурту Tor Band. Іх затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. Сёлета 14 кастрычніка ў Гомлі ў закрытым рэжыме над музыкамі пачаўся суд.

31 кастрычніка абвінавачаным агучылі вырак. Дзьмітрый Галавач атрымаў 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яўген Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Андрэя Ярэмчыка асудзілі на 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.

Прысуд ім вынес судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Салоўскі.

Абвінаваўцамі былі прадстаўнікі пракуратуры Ларыса Кучынская і Іван Мончанка.

Пракурор Іван Мончанка. Архіўнае фота
Пракурор Іван Мончанка. Архіўнае фота

Свабода сабрала ўсё, што вядома пра судзьдзю.

Адзіны сын у маці-інжынэра і бацькі-міліцыянта

Сяргей Салоўскі нарадзіўся ў сям’і інжынэра і міліцыянта. Ягоны бацька служыў у міліцыі, начальнікам упраўленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Гомельскага аблвыканкаму. У сям’і Сяргей быў адзіным сынам. Пасьля школы будучы судзьдзя паступіў на юрыдычны факультэт. Калі быў студэнтам, ягоны тата расказваў пра сына для газэты «Гомельская праўда».

«Ён ужо абазначае сур'ёзнае жаданьне працаваць у сыстэме МУС. Сын ніколі не разьлічвае ў нейкіх пытаньнях на мяне, ён ведае, што толькі сваёй працай, сваім стаўленьнем можна нечага дабіцца ў жыцьці. Ён жыва цікавіцца юрыспрудэнцыяй», — апавядаў Аляксандар Салоўскі.

Цяпер Сяргею Салоўскаму 38 гадоў, ён 1985 году нараджэньня. Кар’еру судзьдзі пачаў будаваць у Ветцы. Там займаўся ў асноўным «побытавым» крыміналам. Напрыклад, адпраўляў вяскоўцаў у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілякторый).

«Карэктаваньнем жыцьцёвага шляху веткаўчан з прымяненьнем сэансаў працатэрапіі ў хуткім часе зоймуцца спэцыялісты Сьветлагорскага ЛПП. Аб гэтым стала вядома пасьля выязных судовых паседжаньняў, якія прайшлі ў Веткаўскім РАУС пад старшынствам судзьдзі Сяргея Салоўскага», — пісала ў 2017 годзе выданьне «Голас Веткаўшчыны».

У лютым 2020 году Сяргея Салоўскага прызначылі судзьдзём у Гомель. Ягоным новым месцам працы стаў суд Цэнтральнага раёну Гомля. Ужо ў сакавіку 2020 году Сяргей Салоўскі «праславіўся шматлікімі палітычнымі прысудамі».

Любіў пазьдзекавацца з тых, каго адпраўляў на суткі

Увесну 2020 году, яшчэ да пратэстаў, судзьдзя адзначыўся некалькімі рашэньнямі ў дачыненьні да журналістаў і актывістаў. Некалькі разоў ён судзіў вядомую журналістку (цяпер яна ў калёніі па крымінальнай справе. — РС) Ларысу Шчыракову.

За супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат» Салоўскі выпісваў журналістцы штрафы.

Ён адпраўляў на «суткі» актывістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях Сяргея Ціханоўскага «Кармленьне галубоў».

Увесну 2020 году ён быў адным з самых актыўных судзьдзяў, хто праводзіў палітычныя суды.

Пасьля жнівеньскіх падзей Салоўскі пачаў прысуджаць актывістам ня толькі «суткі», але і зьняволеньне ў калёніі.

«Маю прыяцельку ён судзіў па адміністрацыйным артыкуле за ўдзел у акцыі. Гэта быў жнівень 2020 году. Ён ня проста выносіў рашэньне — стараўся максымальна пазьдзекавацца з чалавека. Прыяцельку адкрыта ў судзе абвінавачваў, што „вы ўсе праплачаныя, колькі табе заплацілі, я ведаю, што вам даюць за стаяньне каля цырку па 60 рублёў“. Я была і на іншых працэсах зь яго ўдзелам. Склалася адчуваньне, што ён проста кайфуе ад сваёй ролі судзьдзі», — расказала Свабодзе адна з жыхарак Гомля, якая ў 2020-м прысутнічала на палітычных судах як валянтэрка.

За тыдзень — дзясяткі прысудаў проста ў ізалятары часовага ўтрыманьня

У жніўні-верасьні 2020 году Сяргей Салоўскі «адзначыўся» тым, што рашэньні пра «суткі» для ўдзельнікаў акцый выносіў проста ў будынку ізалятара часовага ўтрыманьня. За тыдзень ён вынес дзясяткі такіх пастаноў. Людзей выводзілі з камэр і празь некалькі хвілін вярталі назад, з рашэньнем арыштаваць на 10–20 сутак.

Увосень 2020-га Сяргей Салоўскі пачаў караць людзей тэрмінамі на «хіміі» і ў калёніі. Два гады «хіміі» ад Салоўскага атрымаў 26-гадовы Рыгор Васіленка. 16 жніўня 2020 году на масавай акцыі пратэсту ў Гомлі ён разам зь іншымі людзьмі зьняў чырвона-зялёны сьцяг з мачты на плошчы Леніна і замяніў яго на бел-чырвона-белы.

Абвінавачаньне гучала так, што Рыгор Васіленка, «наўмысна парушаючы грамадзкі парадак, дэманстратыўна выказваючы сваю ўсёдазволенасьць і выключны цынізм, праяўляючы непавагу да грамадзтва, пагарджаючы агульнапрынятымі нормамі маралі, супрацьпастаўляючы сваю асобу грамадзтву і дзяржаве», зьняў чырвона-зялёны сьцяг і падняў бел-чырвона-белы, які «не зьяўляецца атрыбутам дзяржаўнай улады».

У 2021 годзе Салоўскі судзіў жыхарку Гомля Ларысу Кузьменку. У яе псыхічнае захворваньне, сындром кляўстрафобіі. Тым ня менш Ларысу Кузьменку трымалі ў СІЗА. Затым судзьдзя Салоўскі даў ёй 2 гады калёніі за ўдзел у маршы 27 верасьня 2020 году.

Адпраўляў ён у калёнію і іншых удзельнікаў маршаў. Так, зьняволеньне атрымаў жыхар Рэчыцы Максім Ялканаў.

Увосень 2021 году Сяргей Салоўскі судзіў праваабаронцу Леаніда Судаленку. Заклікі праваабаронцы ў Facebook сустрэць жыхарку Гомля з ІЧУ, прапанова дапамагчы шматдзетнай сям’і купіць дровы на зіму, правядзеньне сэмінару зь бясьпекі суд расцаніў як «арганізацыю і падрыхтоўку да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 КК). Праваабаронца атрымаў 3 гады зьняволеньня.

«Фанабэрысты чалавек»

«Што адразу кінулася ў вочы — фанабэрысты чалавек», — так Леанід Судаленка ахарактарызаваў Свабодзе судзьдзю Сяргея Салоўскага.

На судзе праваабаронца заяўляў 11 адводаў судзьдзі, але ўсе адхілілі. Калі Судаленка папрасіў судзьдзю аб спатканьні з жонкай, то на сваю заяву атрымаў адказ: «Няма прававых падстаў». Тады праваабаронца абскардзіў гэты адказ у старшыні суду, і яму дазволілі спатканьне.

«На судзе быў такі момант, што мяне абвінавачвалі ў правядзеньні сэмінару па бясьпецы. Пасьля сэмінару ягоныя ўдзельнікі былі ў рэстаране. Да крымінальнай справы далучылі нават мэню! І вось судзьдзя Салоўскі, вывучаючы гэтае мэню на судзе, сказаў зьедліва: „Праваабаронцы качку ў вяршковым соўсе есьці сабе дазволілі“. Я заявіў тады, што гэта ж ня мае ніякага дачыненьня да справы, трэба было яшчэ ў крымінальную справу запісаць — на якім менавіта тралейбусе мы ехалі ў рэстаран», — заўважыў Судаленка.

Ён дадаў, што праз «наяўнасьць» малалетняга на той момант сына судзьдзя па законе мусіў бы «скінуць мне хоць адзін дзень, але не — даў тэрмін па поўнай».

«Калі Салоўскі абвясьціў прысуд і спытаўся, ці ўсё мне зразумела, я сказаў: «Мне зразумела, што са сваім сумленьнем вы дамовіліся, але не зразумела, як вы дамовіліся з законам», — кажа праваабаронца.

Ён лічыць, што судзьдзя зьдзейсьніў крымінальнае злачынства, калі адправіў у турму як яго, так і гурт Tor Band.

«Я нават з калёніі спрабаваў накіраваць заяву ў пракуратуру на судзьдзю Салоўскага. Але опэр мне сказаў, што злачынца — я, а ня ён. Бо я маю прысуд, які ўступіў у сілу, а Салоўскі — не. Опэр сказаў, што калі яшчэ раз паспрабую напісаць заяву на судзьдзю, то магу атрымаць крымінальную справу за паклёп на судзьдзю», — дадаў Судаленка.

Ён кажа, што калі ў Беларусь вернецца закон і Канстытуцыя, то зоймецца тым, каб прыцягнуць судзьдзю да крымінальнай адказнасьці.

«Каб мне сказалі даць расстрэл, думаю, судзьдзя Салоўскі знайшоў бы спосаб, каб даць мне яго», — дадаў Судаленка.

Што вядома пра пракурораў, якія абвінавацілі Tor Band

Абвінаваўцамі на судзе выступалі прадстаўнікі пракуратуры Іван Мончанка і Ларыса Кучынская.

Іван Мончанка цяпер служыць у абласной пракуратуры і часам расказвае моладзі пра «гістарычную памяць» і «генацыд беларускага народу».

Кар’еру пракурора ён пачынаў у Сьветлагорску, затым працаваў у райцэнтры Карма ў Гомельскай вобласьці.

«Праблемы выбару прафэсіі ў Івана Мончанкі не было. Ён ведаў, што стане юрыстам. Маці — адвакат, старэйшая сястра — працаўнік пракуратуры», — пісала раённая газэта «Зара над Сожам».

Пра Ларысу Кучынскую з пракуратуры, якая працуе ў аддзеле нагляду за адпаведнасьцю закону судовых рашэньняў па крымінальных справах, вядома, што яна мае мэдаль «За бездакорную службу 3 ступені», якую атрымала ў 2019 годзе.

За што менавіта музыкі атрымалі тэрміны?

Суд праходзіў у закрытым рэжыме, а адвакаты мелі падпіску аб неразгалошваньні. Фактычна невядома, за што менавіта пакаралі музыкаў. Немагчыма цяпер даведацца, хто праводзіў экспэртызу іх песень, якія словы там «распальвалі варожасьць», а якія — «абражалі Лукашэнку».

Свабодзе стала вядома, колькі гадоў далі музыкам і па якіх артыкулах.

За «распальваньне варожасьці» групай асобаў (частка 3 артыкула 130 КК) Галавачу прызначылі 7 гадоў, Бурло — 6 гадоў і 6 месяцаў, Ярэмчыку — 6 гадоў.

За «абразу Лукашэнкі» (артыкул 368 КК) Галавач і Бурло атрымалі па паўтары года калёніі, Ярэмчык — 1 год.

За «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь» (артыкул 369-1 КК) усе атрымалі па паўтара года калёніі і штраф 100 базавых велічынь.

За «стварэньне і кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем» (артыкул 361-1 КК) Галавач і Бурло атрымалі 5 і 4 гады адпаведна.

За «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні» Ярэмчык атрымаў 3 гады.

Шляхам частковага складаньня тэрмінаў канчаткова музыкі атрымалі 9, 8 і 7,5 года зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG