Міністар юстыцыі Нямеччыны Марка Бушман папярэдзіў аб наступствах для імігрантаў, якія дэманструюць антысэміцкія паводзіны.
«Мы прымаем меры засьцярогі супраць натуралізацыі антысэмітаў», — заявіў палітык у інтэрвію газэце Bild am Sonntag, апублікаваным у нядзелю, 29 кастрычніка.
Паводле яго, органы, якія займаюцца пытаньнямі натуралізацыі, павінны ў будучыні «расьсьледаваць нават такія дробныя правапарушэньні, як абразу, каб вызначыць, ці не былі гэтыя дзеяньні ўчынены зантысэміцкіх матываў».
Калі судзьдзя ўстановіць наяўнасьць такіх матываў, «вінаваты больш ня зможа стаць грамадзянінам Нямеччыны», сказаў Бушман.
«Для асоб, якія ня маюць нямецкага пашпарта, мы таксама павінны ўлічваць наступствы, прадугледжаныя законам аб знаходжаньні ў краіне», — дадаў ён.
Бушман падкрэсьліў, што на Нямеччыне ляжыць гістарычная адказнасьць.
«Ніколі больш габрэі ў Нямеччыне не павінны станавіцца ахвярамі тэрору і перасьледу. Супраць тых, хто гэта не паважае, мы павінны дзейнічаць з усёй строгасьцю», — заявіў кіраўнік Міністэрства юстыцыі Нямеччыны.
Камэнтуючы прапалестынскія дэманстрацыі, якія пачаліся на фоне эскаляцыі канфлікту на Блізкім Усходзе, Бушман зазначыў: «У краіне, дзе зьявіўся Галакост, ніхто не павінен сьвяткаваць масавае забойства габрэяў».
- Пасьля маштабнага нападу радыкальнага ісламісцкага руху ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка ў Нямеччыне фіксуецца рост ліку злачынстваў антысэміцкай і антыізраільскай скіраванасьці, такіх як спальваньне ізраільскіх сьцягоў або антысэміцкія графіці. Толькі ў Бэрліне, паводле зьвестак мясцовай паліцыі, ужо зарэгістравана больш за 850 злачынстваў, зьвязаных з блізкаўсходнім канфліктам.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.