Пра выключэньне з АДР паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку дырэктар выдавецтва Генадзь Вінярскі.
У студзені 2023 году пасьля доўгага перасьледу выдавецтва пачаўся працэс яго ліквідацыі. У сьнежні 2022 году Міністэрства інфармацыі на месяц прыпыняла яго дзейнасьць.
«Кнігазбор» працаваў амаль 28 гадоў. Выдавецтва выпусьціла каля 3 тысяч найменьняў кніг, ладзіла прэзэнтацыі і выставы.
У студзені 2021 году Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю забраў тэхніку і заблякаваў рахунак выдавецтва. У чэрвені выдавецтва атрымала паведамленьне пра магчымасьць ізноў карыстацца банкаўскім рахункам.
Аднак у кастрычніку 2022 году сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор» і «Галіяфы», якія друкуюць кнігі на беларускай мове.