Папа раскрытыкаваў калясальны разрыў паміж даходамі топ-мэнэджэраў і звычайных работнікаў. На яго думку, такая дыспрапорцыя падрывае «каштоўнасьць чалавечага жыцьця, сям’і і грамадзтва». Пра гэта ён заявіў у інтэрвію каталіцкаму выданьню Crux.
Асаблівую ўвагу Леў XIV надаў багацьцю Ілана Маска, назваўшы трывожным прыкладам навіну аб тым, што прадпрымальнік можа стаць першым у сьвеце трыльянэрам.
«Учора зьявілася навіна, што Ілан Маск стане першым трыльянэрам у сьвеце. Што гэта значыць і пра што ідзе гаворка? Калі гэта адзінае, што яшчэ мае каштоўнасьць, то ў нас вялікія праблемы», — сказаў пантыфік.
Папа адзначыў, што калі раней кіраўнікі кампаніяў зараблялі ў 4-6 разоў больш за шэраговых супрацоўнікаў, то сёньня — у сотні разоў.
Маёмасьць Маска, зьвязаная з Tesla, SpaceX, xAI, Neuralink і The Boring Company, ужо ацэньваецца прыкладна ў $367 мільярдаў, а да 2027 году, паводле разьлікаў аналітыкаў, можа перавысіць $1 трыліён.
Форум