Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ адказаў на патрабаваньне Трампа ўзмацніць ціск на Расею


Сьцягі Эўразьвязу і ЗША
Сьцягі Эўразьвязу і ЗША

Эўразьвяз працуе над тым, каб выціснуць расейскія энэргетычныя рэсурсы са сваіх рынкаў. Пра гэта заявіла галоўная прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Паўла Пінью, камэнтуючы для Радыё Свабода патрабаваньне прэзыдэнта ЗША да Эўропы спыніць імпарт расейскага газу і нафты.

«Паступовая адмова ад расейскага выкапнёвага паліва — гэта тое, чым мы актыўна займаемся ўжо некалькі гадоў з пачатку вайны. У нас ёсьць вельмі выразная „дарожная мапа“, а цяпер нават выразная заканадаўчая прапанова, каб паступова адмовіцца ад астатняга газу, які ўсё яшчэ паступае ў ЭЗ. Такім чынам, гэта тое, што адбываецца ўжо некаторы час — з выразнай „дарожнай мапай“ і выразным тэрмінам», — адзначыла Пінью.

ЭЗ распрацаваў плян паступовага, але поўнага выцісканьня расейскіх энэргетычных рэсурсаў з эўрапейскіх рынкаў задоўга да таго, як прэзыдэнт ЗША паставіў гэта ўмовай для ўвядзеньня амэрыканскіх «сур’ёзных» санкцыяў супраць Расеі. Плян ЭЗ прадугледжвае поўную адмову ад расейскага газу і нафты да канца 2027 года.

Адначасова Эўрапейская камісія пацьвердзіла, што паскораная адмова ад расейскіх энэргетычных рэсурсаў можа стаць часткай наступнага, 19-га, пакета санкцыяў, які ўсё яшчэ распрацоўваецца.

«Мы, у прыватнасьці, разглядаем пытаньне паскарэньня паступовай адмовы ад расейскага выкапнёвага паліва, выкарыстаньня ценявога флёту і трэціх краін для абыходу санкцыяў. Мы ня будзем камэнтаваць паведамленьні прэзыдэнта ЗША ў сацыяльных сетках. Мы будзем камэнтаваць працу, якую мы робім», — заявіў прэсавы сакратар Эўрапейскай камісіі Оляф Гіл.

Днямі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што гатовы ўвесьці «сурʼёзныя санкцыі» супраць Расеі, калі ўсе краіны NATO зробяць тое ж самае і перастануць купляць расейскую нафту.

У пачатку верасьня прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антоніу Коста заявіў, што на ўзроўні ЭЗ спажываньне газу і нафты з Расеі скарацілася на 80%. Паводле яго слоў, значную частку астатніх 20% спажывае Вугоршчына.

У чэрвені Эўрапейская камісія прапанавала паступовы плян паступовага адмовы ад расейскай нафты і газу, у тым ліку звадкаванага газу, да канца 2027 года.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG