Пра гэта разважае культуроляг, рэжысэр, выкладчык онлайн-школы Натальлі Дзінкель «Жэўжык», школы пры Цэнтры беларускай салідарнасьці і Беларускай школы мастацтваў імя М. Равенскага ў Варшаве Васіль Дранько-Майсюк.
Пра «Ноч расстраляных паэтаў» упершыню пачуў ад паэта Станіслава Шушкевіча
— Калі вы ўпершыню пачулі пра «Ноч расстраляных паэтаў»?
— Я пачуў пра гэтую трагічную падзею ад вязьня сталінскага ГУЛАГу, паэта і празаіка Станіслава Пятровіча Шушкевіча, яшчэ ў канцы 1980-х гадоў. Было тое ў Доме творчасьці беларускіх пісьменьнікаў «Іслач», куды мяне бралі на адпачынак бацькі. Выдатны дзіцячы паэт Шушкевіч, падарыўшы мне сваю кнігу «Казёл на верталёце», шмат расказваў пра Міхася Чарота, Міхася Зарэцкага, Платона Галавача, Анатоля Вольнага, Алеся Дудара ды многіх іншых. Тады я быў яшчэ малы і, безумоўна, не чытаў гэтых творцаў, але паступова захапіўся імі. Сьпярша чытаў дзіцячыя вершы Тодара Кляшторнага, Валерыя Маракова і Алеся Дудара, пасьля ўжо падлеткам зацікавіўся прозай Міхася Зарэцкага. Сёньня я вывучаю фэльетоны Анатоля Вольнага, якія зьдзіўляюць сваёй надзённасьцю.
— Што паўплывала на вашае рашэньне больш дэталёва заняцца вывучэньнем жыцьця і творчасьці расстраляных беларускіх літаратараў?
— Мяне натхнілі размовы з ужо згаданым Станіславам Шушкевічам, гісторыкам Анатолем Сідарэвічам, гутаркі майго бацькі з празаікам Міхасём Стральцовым (мой тата, паэт Леанід Дранько-Майсюк, на сустрэчы зь імі браў мяне з сабой). Таксама шмат на мяне паўплывала выдатная дасьледчыцкая праца літаратуразнаўцы Віктара Жыбуля, які на сёньня зьяўляецца адным з найлепшых спэцыялістаў у беларускай літаратуры 1920-1930-х гадоў.
«Яны былі дзёрзкія і не баяліся выступаць супраць русыфікатарскай палітыкі Крамля»
— А што найбольш уразіла ў дзейнасьці расстраляных літаратараў?
— Я не чакаў, што гэтыя пісьменьнікі былі такія дзёрзкія, што яны не баяліся ў канцы 1920-х выступаць супраць русыфікатарскай палітыкі Крамля. Міхась Зарэцкі і Алесь Дудар змагаліся за большы нацыянальны зьмест у рэпэртуары нашага тэатру і публічна абураліся небеларускай палітыкай айчыннага кіно. Тодар Кляшторны ў апошняй прыжыцьцёвай кнізе «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя» (1935) паказаў яскравы вобраз беларускага інтэлігента (заяц), які апынуўся ў пякельных умовах, калі ты знаходзішся паміж ваўком і мядзьведзем (мэтафара рэпрэсіўнай машыны). Я ў захапленьні ад балючай паэмы Валерыя Маракова «Мая паэма» (1928), у якой ён прадбачыў тое, што будзе адбывацца ў 1930-я гады.
«Пра кожнага можна чытаць лекцыю, ствараць фільм, спэктакль ці сэрыял»
— Пэўна, нягледзячы на агульны трагічны лёс, кожны з літаратараў «расстралянага пакаленьня» быў адметны нечым уласным, непаўторным...
— Так, кожны з гэтых творцаў яркі, цікавы і творча нечаканы.
Міхась Чарот для мяне цікавы тым, што першым у беларускай літаратуры пачаў ствараць хуліганістыя, нават блюзьнерскія, свабодалюбныя і скандальныя вершы і паэмы (верш «Скокі на могілках», паэмы «Босыя на вогнішчы» і «Чырвонакрылы вяшчун»). Чарот выдатны сваёй цудоўнай сынкрэтычнасьцю, бо з аднолькавым посьпехам праявіў сябе і як драматург («Мікітаў лапаць», «На Купальле»), і як празаік («Самалёт»), і як пачынальнік беларускага імажынізму («Вясну пяю»), і як сцэнарыст першага айчыннага ігравога фільма («Лясная быль»), і як таленавіты рэдактар (газэта «Савецкая Беларусь», часопіс «Чырвоная Беларусь»).
Алесь Дудар цікавы спалучэньнем тонкага эстэтызму Максіма Багдановіча і пралетарскай крыклівасьці Андрэя Александровіча. Цікавы сваімі драматычнымі пошукамі сябе ў літаратуры, тым, як яго кідала ў розныя крайнасьці: ён і аўтар тонка-паэтычных «Пацерак лілёвых», і агітацыйных вершаў пра менскія вуліцы, якія «ні Купала, ні Колас, ні Бядуля не масьцілі строфамі». Ён і пачынальнік тэатральнай дыскусіі, у якой выступаў супраць таго, каб другасныя расейскія п’есы запаланялі рэпэртуар нашага тэатру, і аўтар шэрагу тэндэнцыйных артыкулаў, у якіх абвінавачваў ва ўсіх магчымых грахах паэтаў-узвышаўцаў.
Міхась Зарэцкі выдатны тым, што пачаў першы ствараць у нашай літаратуры вострасюжэтныя кінэматаграфічна-эратычныя рэчы, якія паланілі сэрцы ня толькі студэнтаў, але і самых розных чытачоў, да гэтага далёкіх ад нашай літаратуры. Ён вывеў вобраз цыніка-інтэлектуала, якому цесна і сумна жыць у савецкай рэальнасьці, але вырвацца зь яе ён ня можа і таму, ад вялікай нуды, гуляе лёсам недалёкіх людзей («Ой, ляцелі гусі...»).
Кожны зь пісьменьнікаў унікальны, пра кожнага можна чытаць лекцыю, ствараць фільм, спэктакль ці сэрыял. І я спадзяюся, такое рана ці позна будзе зроблена.
«Вучні ня будуць абыякавыя да творчасьці рэпрэсаваных, калі настаўнік будзе пра яе расказваць зь неабходнай жарсьцю і пераканаўчасьцю»
— Сваю любоў да творчасьці зьнішчаных савецкай уладай пісьменьнікаў вы спрабуеце перадаць вашым вучням. Ці ўдаецца гэта?
—- Мае старэйшыя вучні любяць дзёрзкую паэзію Міхася Чарота і бачаць у ёй зародак панкаўскай эстэтыкі. Ім падабаюцца вясёлыя фэльетоны Анатоля Вольнага, творы Кляшторнага і, вядома, эратычная проза Міхася Зарэцкага.
Малодшыя вучні асабліва палюбілі верш Алеся Дудара «Воўк», казку Тодара Кляшторнага «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя», супольныя дзіцячыя вершы Алеся Дудара, Валерыя Маракова і Тодара Кляшторнага «Першы сьнег», «Байка пра Мішу і зайку».
— Настаўнікі ў Беларусі кажуць, што цяперашніх школьнікаў складана зацікавіць тэмай Курапатаў. Вучні, маўляў, абыякавыя да лёсу расстраляных беларускіх творцаў і ўвогуле не імкнуцца нешта ведаць пра ахвяраў савецкай улады. Што можаце запярэчыць на гэта?
—- Вучні ня будуць абыякавыя да любой тэмы, калі настаўнік будзе пра яе расказваць зь неабходнай жарсьцю і пераканаўчасьцю.
«Многія з нас спрыяюць гэтаму зьнішчэньню»
— Што, на вашу думку, трэба цяпер рабіць нацыянальнай эліце, каб спыніць новы віток зьнішчэньня ўсяго беларускага — мовы, гісторыі, культуры, ды нават памяці?
—- Каб спыніць новыя спробы зьнішчэньня ўсяго беларускага, неабходна больш увагі ўдзяляць беларускай культуры. Але пакуль мы будзем зьвяртаць увагу на колькасьць падабаек пад тым ці іншым артыкулам ці фільмам альбо ютуб-праектам, датуль у нас ня зьявіцца новых цікавых кніг, артыкулаў, спэктакляў (ужо не кажу пра сэрыялы), галоўнымі героямі якіх бы сталі Платон Галавач, Анатоль Вольны ці Юрка Лявонны.
Многія з нас сваёй няўвагай да гэтых ці іншых творцаў, сваім страхам, што імя Таўбіна ці Маракова не набярэ дастаткова праглядаў, спрыяюць гэтаму зьнішчэньню. А ў нас, да прыкладу, з 1935 году не выдаваліся кнігі Анатоля Вольнага, гэтага караля беларускага фэльетону 1920-х! Хто ў гэтым вінаваты? Мы. Бо ўспамінаем пра нашых дзеячоў толькі раз на год, калі надыходзіць адпаведная дата.
«Лепей задайце мне пытаньне, што канкрэтна я раблю для ўшанаваньня памяці зьнішчаных культурніцкіх дзеячаў»
— Хоць носьбітаў нацыянальных каштоўнасьцяў цяпер не страляюць, але ці магчыма, на вашу думку, што рэпрэсіі могуць зноў дайсьці да самай крайняй мяжы?
— Я ня буду адказваць на гэтае пытаньне. Лепей задайце мне пытаньне, што канкрэтна я раблю для ўшанаваньня памяці нашых культурніцкіх дзеячаў, якіх зьнішчыў сталінскі тэрор.
Расказваю сваім вучням пра тыя падзеі як онлайн, так і жыўцом.
Напісаў сэрыю сцэнароў для новых выпускаў «Лябірынтаў» на «Белсаце».
Паеду разам з акторкай Аленай Баяравай у Нямеччыну, дзе 28-29 кастрычніка дам некалькі лекцый пра «Ноч расстраляных паэтаў».
На «Радыё Ўнэт», таксама супольна з Аленай Баяравай, распачаў новы радыёсэрыял «Каралі беларускага Парнасу», у якім падрабязна расказваю пра Міхася Чарота, Алеся Дудара, Анатоля Вольнага, Міхася Зарэцкага, Валерыя Маракова, Тодара Кляшторнага.