Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З намі ваююць, бо мы — беларусы». Хадановіч пра расстраляных паэтаў і рэпрэсіі супраць культуры


Андрэй Хадановіч, каляж
Андрэй Хадановіч, каляж

У гэтую нядзелю як найменей у 12 краінах сьвету пройдуць імпрэзы да «Ночы паэтаў» — адной з самых трагічных датаў беларускай гісторыі. Тады за адну ноч расстралялі больш за 100 беларускіх інтэлігентаў, дзяржаўных, культурных дзеячоў і навукоўцаў. Пра тыя падзеі і паралелі з сучаснай Беларусьсю расказвае паэт, сябра рады Беларускага ПЭНу Андрэй Хадановіч.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты размовы

  • Ад падзеяў у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў нас дагэтуль дыбарам устаюць валасы, калі мы ўсьведамляем маштаб страты, памер зьверстваў і цынізму. Але мы разумеем, што злачынствы супраць беларускай эліты былі толькі фрагмэнтам злачынстваў супраць нацыянальных элітаў у СССР.
  • Акрамя масавых расстрэлаў, усе іншыя рэпрэсіі, якія практыкаваліся ў сталінскія часы, ужо прымяняюцца год за годам супраць беларусаў. Нашую культуру атакуюць на вынішчэньне. Беларусь «зачышчаюць» ад парасткаў свабоды, нязгоды і самастойнага мысьленьня.
  • Часам мне здаецца, што ваююць ня проста зь незалежнымі свабоднымі людзьмі, а ваююць яшчэ і таму, што мы — беларусы. Фактар беларускай мовы робіць нас больш выразнай мішэньню для карных органаў.
  • Змагацца з гэтым можна, не даючы зьнішчыць памяць, на што вельмі разьлічвае «русский мир» і яго марыянэткавыя халуі — незаконны рэжым у Беларусі. Мы павінны разумець небясьпеку калянізацыі, каб нас больш ніколі не падманвалі славянафільскай рыторыкай пра «братэрства», за якой стаіць цынічная імпэрская стратэгія. Вучымся шанаваць сваё, і пішам сваё таксама ў памяць тых зьнішчаных пакаленьняў.
  • Ёсьць моцныя сілы, якія хочуць нашай разьяднанасьці. Мы мусім усьведамляць, што пры ўсіх рэінкарнацыях «жалезнай заслоны» мы ў сьвеце інтэрнэту, аўдыёкніг, відэа. Мы множым сваю культурную прысутнасьць паўсюль, дзе мы ёсьць.
  • Варта дзейнічаць, маючы на ўвазе пэрспэктыву вяртаньня. Каб не было балюча ад фізычна закрэсьленых гадоў потым, калі, безумоўна, усё скончыцца перамогай. Каб казаць, што ў гэты год былі напісаныя і перакладзеныя такія кніжкі, былі пастаўленыя такія спэктаклі, як у Лёндане цудоўная опэра Вольгі Падгайскай па «Дзікім паляваньні караля Стаха», у якой мне пашчасьціла ўдзельнічаць як лібрэтысту.
  • Пасьля 2020 году я стаў пісаць крыху інакш. Ува мне паменела пэўнай гарэзьлівасьці. Можа, сама эпоха постмадэрнізму вычарпалася, як ляснулася старая добрая ілюзія Фукуямы пра «канец гісторыі». Мы мусім сталець і разьвітвацца зь дзіцячымі ілюзіямі — часам гэта балюча. Але ў нечым самым істотным літаратура не зьмянілася.
  • У мяне адчуваньне, што мы апынуліся ў сытуацыі той, здавалася б, паразы польскай «Салідарнасьці» на пачатку 1980-х. Тады не было хуткага плёну, але рэвалюцыі адбываліся ў кожнай галаве сьвядомага паляка, і ўсё грамадзтва дасьпявала да зьменаў.
  • Старэйшыя польскія калегі, зь якімі мы сутыкаемся, разумеюць і не дакараюць нас, як іншыя суседзі, нашаю паразай. Мне здаецца, што польскі досьвед павольнага шляху да перамогі ня дасьць нам магчымасьці абясцэніць наш уласны досьвед 2020-га. Нічога з таго, што адбылося з намі, не было марным. Гэта як паход з запушчаным зубам да стаматоляга. Рваць па жывому вельмі балюча, але бяз гэтага досьведу было б яшчэ горай.

Лекцыя Андрэя Хадановіча пра пісьменьніка Юлія Таўбіна і іншыя лекцыі ў межах праекту (Не)расстраляная паэзія

Музычны праект (Не)расстраляныя

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG