Раней яе арыштавалі на час сьледзтва да пачатку сьнежня.
Курмашаву абвінавачваюць па трэцяй частцы артыкула 330.1 Крымінальнага кодэксу РФ. У ёй гаворыцца пра рэгістрацыю іншаагентаў, што зьдзяйсьняюць «мэтанакіраваны збор зьвестак у галіне вайсковай, вайскова-тэхнічнай дзейнасьці Расеі», якія пры іх атрыманьні замежнымі крыніцамі «могуць быць выкарыстаныя супраць бясьпекі краіны», перадае Идель.Реалии.
Сьледзтва лічыць, што журналістка павінна была сама падаць дакумэнты для ўключэньня яе ў рэестар іншаагентаў. Міністэрства юстыцыі Расеі яе ў сьпіс не дадало. Гэта першая крымінальная справа па гэтым артыкуле ў Расеі, якую распачалі супраць журналіста. Курмашава віны не прызнае.
Курмашава — грамадзянка ЗША і Расеі, жыве ў Празе са сваім мужам і двума дзецьмі. У Расею яна прыехала ў траўні па тэрміновых сямейных справах. Спачатку яе затрымалі пры спробе вылецець з краіны і аштрафавалі за невыкананьне патрабаваньня аб рэгістрацыі амэрыканскага грамадзянства ў расейскіх органах улады. 18 кастрычніка было абвешчана пра новае абвінавачаньне супраць яе.
Затрыманьне і арышт журналісткі пракамэнтавалі і асудзілі прадстаўнікі амэрыканскіх уладаў, Эўразьвяз, няўрадавыя арганізацыі. Прадстаўнік дзярждэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер на прэс-канфэрэнцыі заявіў, камэнтуючы справу, што для Вашынгтону «няма больш важнага прыярытэту, чым бясьпека грамадзянаў ЗША за межамі краіны».
Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта мэдыякарпарацыі РСЭ/РС Джэфры Гедмін у панядзелак заявіў, што глыбока расчараваны рашэньнем суду аб арышце журналісткі. «Мы заклікаем неадкладна вызваліць Алсу, каб яна магла вярнуцца да сваёй сямʼі», — сказаў ён.