Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускай сеткі крамаў «Бусьлік», якую выкупілі палякі, фінансавыя праблемы: ёй пагражае банкруцтва


Скрыншот тытульнай старонкі онлайн-крамы «Бусьлік», архіўная выява
Скрыншот тытульнай старонкі онлайн-крамы «Бусьлік», архіўная выява

Польская кампанія CDRL (брэнд Coccodrillo) паведаміла пра фінансавыя праблемы сваёй беларускай дачкі — ТАА «ДПМ» (буйная гандлёвая сетка дзіцячых тавараў «Бусьлік»), заўважыла выданьне Most.

Паводле польскай кампаніі, «ДПМ» павінна ў 10-дзённы тэрмін пагасіць крэдыт беларускага «Альфа Банку». Сума крэдыту па стане на 20 кастрычніка складала 3,95 млн даляраў ЗША.

З паведамленьня вынікае, што падставай для неадкладнага пагашэньня крэдыту стала «ўзьнікненьне прыкметаў неплатаздольнасьці, а таксама зьмяншэньне кошту закладу ў сувязі зь недастатковай колькасьцю тавараў у гандлі „ДПМ“, якія забясьпечваюць крэдыт у форме закладу на гэтыя тавары».

«Даччыная кампанія ня мае ліквідных сродкаў для пагашэньня крэдыту ў вызначаны тэрмін», — гаворыцца ў паведамленьні CDRL.

Праблемы могуць прывесьці да таго, што «ДПМ» ня зможа своечасова разьлічыцца з польскай мацярынскай структурай за пастаўленыя тавары. CDRL ужо зрабіла сьпісаньне кошту акцый беларускай «дачкі» на 54,7 млн злотых (каля 41,3 млн беларускіх рублёў паводле курсу Нацбанку). Таксама плянуецца сьпісаньне яе дэбіторскай запазычанасьці.

Кіраўніцтва ТАА «ДПМ» накіравала ў Менгарвыканкам заяву аб прадухіленьні эканамічнай неплатаздольнасьці і банкруцтва. У ёй апісваюць меры, якія неабходна прыняць для пагашэньня абавязаньняў і працягу дзейнасьці кампаніі. Сярод іх — зьмяненьне дамоваў з гандлёвымі цэнтрамі, устанаўленьне ўмоваў дзеяньня крэдытнай лініі, павышэньне гандлёвай нацэнкі, а таксама прыпыненьне выкананьня абавязаньняў па дамовах арэнды.

  • Паводле справаздачнасьці CDRL, выручка «Бусьліка» за 9 месяцаў 2023 году ў крамах сеткі ўпала на 17,9% у параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2022 году (і склала 69,01 млн злотых у эквіваленце), а ў онлайн-краме — на 44,5% (3,02 млн злотых). Варта адзначыць, што асноўнай прычынай пагаршэньня статыстыкі ў пераліку на злоты магло стаць ваганьне валютных курсаў: за апошні год курс польскага злотага ўмацоўваўся, а беларускі рубель, наадварот, слабеў.
  • CDRL набыла беларускую сетку крамаў «Бусьлік» у 2018 годзе.
  • На цяперашні момант «Бусьлік» мае 31 краму ў 16 гарадах краіны, 10 зь іх у Менску. У 2018 годзе паведамлялася, што «Бусьлік» мае 46 крамаў, 17 зь іх у Менску.
  • Як сьцьвярджаюць СМІ, апавяшчэньне аб датэрміновым пагашэньні крэдытаў на гэтым тыдні атрымала і сетка крамаў «Востраў Чысьціні». Кампанія «Ромакс», якая кіруе «Востравам чысьціні і смаку» ды «Востравам здароўя», мае фінансавыя цяжкасьці, ёй пагражае банкруцтва, сьцьвярджае «Наша Ніва» з спасылкай на свае крыніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG