Міністар замежных спраў і замежнага гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта патлумачыў прычыну свайго другога прыезду ў Менск і расказаў, якой ён бачыць глябальную бясьпеку.
«Перакананы, што падтрымліваць каналы камунікацыі вельмі важна. Менавіта з гэтай прычыны я з радасьцю прыняў гэтае запрашэньне, нягледзячы на тое, што рызыкую пачуць сурё’зную крытыку за ўхваленае рашэньне ў некаторых частках Эўропы», — працытавала Пэтэра Сіярту дзяржаўнае агенцтва БелТА.
«На жаль, ня будзе перабольшваньнем сказаць, што глябальная бясьпека цяпер у найбольш жахлівай форме з часоў заканчэньня халоднай вайны. Ёсьць дзьве вялікія вайны, якія вызначаюць глябальную бясьпеку ў цяперашні момант. Адна зь іх ідзе проста ў нас па суседзтве, паколькі мы суседзі з Украінай. І другая адбываецца непасрэдна побач з Эўропай. І наступствы гэтага ваеннага канфлікту сур’ёзна ўплываюць на нас», — заявіў вугорскі міністар.
Пэтэр Сіярта падкрэсьліў, што Вугоршчына зацікаўленая ў «моцнай і бясьпечнай Эўропе».
«Аднак, каб Эўропа была моцнай і бясьпечнай, неабходныя дзьве рэчы. Першая — гэта мір, другая — гэта сувязь. Мір і зьвязанасьць — гэта тое, што дазволіць Эўропе зноў быць моцнай і бясьпечнай. Эўрапейскія народы, уключаючы вугорцаў, ужо заплацілі вялікую цану за вайну ва Ўкраіне, нягледзячы на тое, што мы не нясём за яе ніякай адказнасьці», — заявіў вугорскі міністар.
Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік у сваім выступе заявіў, што «Захад цяпер не гатовы весьці размову аб агульнай бясьпецы». Паводле яго, Захад заклапочаны толькі «сваёй бясьпекай».
Паводле яго, асобныя краіны ўмацоўваюць сваю бясьпеку за кошт іншых, і гэта прывяло да катастрафічных наступстваў.
«Варта прызнаць, што эўрапейскай бясьпекі сёньня не існуе ні як факту, ні як сыстэмы. Сябры NATO мяркуюць, што яны пад парасонам свайго альянсу. Альянсу, які ігнаруе ўсе іншыя структуры і мэханізмы, якія маглі б гарантаваць агульную бясьпеку для ўсіх», — заявіў Сяргей Алейнік.