Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вугоршчына зноў заблякавала эўрапейскі пакет дапамогі Ўкраіне


Нарада міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ у Люксэмбуру, 23 кастрычніка 2023
Нарада міністраў замежных справаў краінаў ЭЗ у Люксэмбуру, 23 кастрычніка 2023

Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу на сустрэчы ў Люксэмбуру сёньня не змаглі дамовіцца аб выдзяленьні чарговага траншу дапамогі Ўкраіне памерам у 500 мільёнаў эўра.

Пра гэта паведаміў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль на прэсавай канфэрэнцыі 23 кастрычніка, піша DW.

Пры гэтым кіраўнік дыпляматыі ЭЗ падкрэсьліў, што 8-ы транш вайсковай дапамогі Кіеву, аб якім ідзе размова, павінны быць узгоднены да канца бягучага года, як і пытаньне аб стварэньні новага фонду, зь якога Ўкраіне будуць штогод выдзяляць 5 млрд эўра.

Эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк паведаміў, што паводле яго інфармацыі, сёньняшняе рашэньне ЭЗ аб выдзяленьні Ўкраіне 500 мільёнаў эўра блякаваў кіраўнік МЗС Вугоршчыны.

Вугоршчына ў чарговы раз патрабуе ад Кіева гарантыяў выключэньня найбуйнейшага банку краіны ОТР з украінскага сьпісу «спонсараў вайны». У яго трапляюць міжнародныя кампаніі, якія працягваюць працу на расейскім рынку. На дадзены момант украінскія ўлады прыпынілі ўключэньне банку ў сьпіс, аднак Будапэшт хоча быць упэўнены, што банк у яго не вернецца.

Такія выпадкі ўжо бывалі: у чэрвені Ўкраіна выключыла са сьпісу шэраг грэцкіх суднаходных кампаніяў на патрабаваньне Атэнаў, каб дамагчыся прыняцьця 11-га пакету санкцыяў ЭЗ. Неўзабаве пасьля прыняцьця пакету санкцыяў ЭЗ Кіеў вярнуў перавозчыкаў у сьпіс «спонсараў вайны».

Пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 500 мільёнаў эўра павінен быў стаць восьмым па ліку траншам з праграмы Эўрапейскага фонду міру. У ліпені 2023 году кіраўнік МЗС Вугоршчыны Петэр Сіярта заяўляў, што «Вугоршчына ня будзе падтрымліваць фінансаваньне з боку ЭЗ паставак узбраеньняў Украіне», пакуль Кіеў не выключыць OTP Bank са сьпісу «спонсараў вайны».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG