Улетку 2021 году ў Беларусі пачалася «зачыстка» недзяржаўных арганізацый. Было зьліквідавана больш за тысячу НДА. Працэс працягваецца і цяпер. Сярод іх было і грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно». Яно дзейнічала ў Беларусі з 2013 году. У 2021 годзе аб’яднаньне зьліквідавалі беларускія ўлады. Кіраўніца «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская трапіла пад крымінальны перасьлед. Яна нелегальна пакінула Беларусь ужо пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
Аб’яднаньне аднавіла сваю працу ва Ўкраіне ў красавіку 2022 году. «Зьвяно» займаецца гуманітарнай дапамогай, набывае апараты для тэрапіі параненых і рэабілітуе вайскоўцаў.
Чатыры месяцы таму грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно» адкрыла ва Ўкраіне рэабілітацыйны цэнтар для ваяроў і вэтэранаў. «Ланка» (у перакладзе з украінскай «зьвяно». — РС) прымае на рэабілітацыю ўкраінцаў і іншаземцаў, у тым ліку беларускіх ваяроў і вэтэранаў. Свабода пагутарыла з кіраўніцай «Зьвяна» Тацянай Гацурай-Яворскай аб працы рэабілітацыйнага цэнтру, цяжкасьцях, «здрадах і перамогах», стаўленьні да беларусаў.
500 квадратных мэтраў
Пад памяшканьне цэнтру беларускія актывісты «Зьвяна» знайшлі дом у вёсцы. Ён мае плошчу каля 500 квадратных мэтраў. У доме створаныя добрыя ўмовы для пражываньня ваяроў і вэтэранаў, кажа суразмоўца. Пражываньне бясплатнае, яно можа працягвацца ад 2 тыдняў да 2 месяцаў. З ваярамі і вэтэранамі працуе дасьведчаны псыхоляг — украінка, якая дапамагае вайскоўцам з 2014 году. Раней у цэнтры працавалі і беларускія лекары, оталярынголяг і нэўроляг.
«Яны моцна дапамагалі людзям з кантузіямі. Але калі ўлады дэнансавалі дамову аб прызнаньні ва Ўкраіне беларускіх дыплёмаў, то легальна як лекары беларусы ўжо не маглі працаваць. Былі вымушаныя паехаць з Украіны», — тлумачыць Тацьцяна.
Па яе словах, праз цэнтар рэабілітацыі за гэтыя чатыры месяцы прайшлі і ўкраінцы, і беларусы, іх колькасьць прыкладна роўная. У сярэднім яны затрымліваліся тут на тры тыдні, кажа Тацяна. Нехта меў патрэбу ў рэабілітацыі і затым вярнуўся на фронт. Іншыя ўжо ня вернуцца да баявых дзеяньняў і маюць патрэбу аднавіць сябе.
Кіраўніца «Зьвяна» дадае, што валянтэры цэнтру намагаюцца, каб людзі, якія прыехалі з вайны, максымальна занялі сваю галаву і рукі. Таму ў цэнтры ёсьць курсы па вывучэньні моваў, клюб кіно зь лекцыямі пра фільм ці рэжысэра, розныя гурткі, у тым ліку маляваньня, футбол, тэніс.
«Наогул мы падыходзім да людзей індывідуальна і працуем адпаведна запатрабаваньням. Нехта хоча маляваць, іншы — працаваць з дрэвам. Мы гэтыя патрэбы забясьпечваем. Уласна кажучы, калі хто захоча вышываць крыжыкам, мы для гэтага знойдзем і матэрыялы, і таго, хто можа навучыць», — кажа праваабаронца.
У плянах — адкрыць ганчарную майстэрню. «Гэта такі рэлаксацыйны, мэдытацыйны занятак. У нас няма „абслуговага пэрсаналу“. Мы самі гатуем ежу, прыбіраем. У гэта ўключаюцца і ваяры», — дадае Тацьцяна.
«Гэта больш як сям’я ці камуна»
Гацура-Яворская расказвае, што шмат хто знаходзіў у цэнтры для сябе сяброў, адчуваў сябе тут, як у сям’і.
«Мы ня думалі, што ў людзей будзе патрэба ў такой камуне, сяброўстве, дзе яны адчуваюць сябе як дома. Важны вынік, што цэнтар у прынцыпе становіцца тэрапэўтычным месцам ня толькі для ваяроў, але і для валянтэраў. Вельмі важная рэч — добра выбудаваныя сувязі зь мясцовымі. Яны нам дапамагаюць харчам. Мы для іх праводзілі такі абед падзякі. Адзін з нашых ваяроў дапамагаў мясцовай жанчыне з добраўпарадкаваньнем магілы яе сына, які загінуў на вайне», — расказвае беларуска.
Мясцовыя жыхары плятуць для фронту маскавальныя сеткі. Пацыенты і валянтэры цэнтру ў гэтым ім дапамагаюць.
«У нас была валянтэрка з Італіі. Яна, калі вярнулася дахаты, знайшла старыя рыбалоўныя сеткі і прыслала мясцовым. Людзей лечыць клопат пра іншых. Калі да нас прыяжджаюць ваяры, вэтэраны і бачаць клопат пра сябе, то яны пачынаюць „адлюстроўваць“ гэта і старацца рабіць нешта для іншых», — кажа Тацьцяна.
Яна ўспамінае выпадак, калі ў пацыента цэнтру масажыст заўважыў варыкоз. Але ваяр мусіў вярнуцца на фронт. Потым ён дабіўся лячэньня ў Харкаве.
«І нашы хлопцы з цэнтру сарваліся і паехалі туды, каб ім апекавацца», — зазначае кіраўніца «Зьвяна».
У цэнтры праходзілі рэабілітацыю беларусы, якія ваявалі за Ўкраіну. Тацяна кажа, што яны патрабуюць у першую чаргу павагі да ўчынку, які яны зрабілі, да іх рашэньня пайсьці на фронт. Ім вельмі важна адчуць павагу, што яны зрабілі ня глупства нейкае, а годны, сапраўдны ўчынак.
«Гэта пра вэтэранаў. Пра тых, хто рэабілітуецца ў нас паміж баявымі заданьнямі, — яны патрабуюць падтрымкі, сяброўскай атмасфэры. Іх задача — паправіць здароўе, адпачыць псыхалягічна і ісьці далей», — тлумачыць беларуска.
У беларусаў праблемы зь легалізацыяй ва Ўкраіне. Удзел у баявых дзеяньнях яшчэ не падстава для атрыманьня дазволу на жыхарства. Пасьля таго, як кантракт разарваны, беларус — проста замежны грамадзянін, без аніякіх ільгот. Легалізавацца можна, але гэта вельмі складаная бюракратычная працэдура, расказвае праваабаронца.
«У нас быў такі выпадак. Да нас трапіў беларус, які меў скасаваны кантракт з УСУ. Ён вырашыў паехаць у Польшчу. Мы дапамаглі яму зрабіць візу. Але ён, пабыўшы ў нас, вырашыў вярнуцца на фронт. „Пералячылі“, можна сказаць», — кажа Тацьцяна.
Нестабільнае фінансаваньне, маленькі сацыяльны капітал
Адной з галоўных праблем цэнтру на сёньня праваабаронца называе нестабільнае фінансаваньне.
«Варта зазначыць, што мы працуем ня толькі з вэтэранамі, але і дзейснымі ваярамі. Гэта значыць, што для нас закрытая грантавая ці фондавая падтрымка. Бо гэта дзейныя ваяры і ніякі фонд нам ня дасьць грошы. Гэта тады сродкі фактычна на вайну. І таму мы залежым ад грамады. Ад тых, хто нас фінансава падтрымлівае. У асноўным гэта беларускія дыяспары ў сьвеце», — кажа Тацяна.
У верасьні цэнтар патраціў больш грошай, чым было сабрана, гаворыць Гацура-Яворская. «Таму пакуль, на вялікі жаль, мы ня можам прыняць больш хлопцаў, чым маглі бы», — кажа кіраўніца «Зьвяна».
Зь іншых цяжкасьцяў яна называе яшчэ «маленькі сацыяльны капітал ва Ўкраіне».
«Бо ёсьць нэгатыўнае стаўленьне да беларусаў. Ты зьвяртаесься, напрыклад, да актывістаў, а яны, калі даведваюцца, што ты беларуска, ня хочуць кантактаваць. Ці ёсьць іншыя ініцыятывы, якія займаюцца рэабілітацыяй ваяроў. Хочаш зь імі мець кантакт, а яны проста ігнаруюць цябе. Кажуць: „Я вам празь дзесяць хвілін патэлефаную“ — і ўсё. Хацелася б думаць, што чалавек заняты. Але я думаю, прычына ў тым, што я беларуска», — тлумачыць Тацяна.
З пазытыўнага яна называе добрыя кантакты з Кіеўскім дыягнастычным цэнтрам.
«Іх дырэктар прыяжджаў да нас паглядзець, як у нас тут усё ўладкавана. Цяпер яны запрашаюць нас на свае мерапрыемствы. Гэтае вось нэгатыўнае ня тое што дэматывуе, але адчуваеш... Не расчараваньне, а шкадаваньне. Бо гэта ўсё перашкаджае агульнай справе», — лічыць праваабаронца.
«Лічылі сытуацыю безнадзейнай, але выйшла па-іншаму»
Цэнтар «Ланка» — гэта не шпіталь і не мэдычная ўстанова. Цяжкіх пацыентаў валянтэры імкнуцца перадаць у рукі сапраўдных прафэсіяналаў. Тых, хто паступіў у цэнтар, аглядае псыхіятар.
«Калі чалавек мае, скажам, цяжкі ПТСР, то яго накіруюць у стацыянар. Тым ня менш у нас быў выпадак спробы суіцыду, які шмат чаму нас навучыў і матывуе ўдасканальваць працу. Зразумела, што кожны крок чалавека не адсочыш, але ёсьць і з нашага боку памылкі. Мы з гэтым працуем», — кажа Тацяна.
Для людзей з залежнасьцямі ў рэабілітацыйным цэнтры ёсьць свой пратакол. Калі сюды трапляе такі чалавек, то яго накіроўваюць у прыватную клініку на некалькі дзён. Там яго бясплатна агледзяць, «пракáпаюць».
«То бок калі ў яго будзе востры псыхоз праз адмену алькаголю, то гэта адбудзецца ня ў нас, а пад наглядам лекараў. Ну і, зразумела, што ў нас „чыстая“ тэрыторыя. Часам, дарэчы, некаторыя адмаўляюцца ехаць да нас з гэтай прычыны — маўляў, як так, ня выпіць нават піва. Але гэта жалезнае правіла», — кажа беларуска.
Яна расказала пра выпадак, які валянтэры лічылі безнадзейным. Украінец ваяваў з 2015 па 2022 год. Пасьля яго дэмабілізавалі. З 2022-га да 2023 году ён так моцна піў, што страціў усё і апынуўся на сацыяльным ложку ў псыхіятрычным шпіталі. Сям’я ад яго адмовілася. Ён стаў бяздомным. Вэтэран трапіў у рэабілітацыйны цэнтар «Ланка».
«І неяк так за месяц ён аднавіўся фізычна. Важна было, каб ён не ўжываў. Мы стараліся заняць яго галаву і рукі. Ён стаў на ногі, нават пачаў аднаўляць стасункі з жонкай. Але аднаго разу ён паехаў у іншы горад і вярнуўся п’яным. Пасьля першага папярэджаньня ён не зрабіў высноваў, і мы былі вымушаныя разьвітацца зь ім. Мы лічылі, што ўсё, сытуацыя безнадзейная. Але праз паўтара месяца сустрэлі яго з жонкай. Значыць, пазытыўныя працэсы адбыліся. Я не кажу, што гэта назаўжды ў яго. Але нам здавалася, што высілкі марныя, але зрухі ёсьць у чалавека», — успамінае Тацяна.
Як валянтэрам пры такіх псыхалягічных нагрузках самім ня стаць пацыентамі падобнага цэнтру? Праваабаронца кажа, што вузкія спэцыялісты ўмеюць працаваць зь людзьмі і не «загружаюцца».
«Валянтэры прыяжджаюць зараджанымі дапамагаць, яны бачаць сябе карыснымі, і гэта добра для іх псыхалягічнага стану. Пра сябе скажу, што я адчуваю, натуральна, стомленасьць і мару пра адпачынак. Але проста цяпер я не магу паехаць, пакуль тут не адладжаныя ўсе працэсы. Можа быць, некалі. Узімку».