Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На БТ хацелі пакрытыкаваць Польшчу, а ў выніку паставілі пад сумнеў усе выбары ў незалежнай Беларусі


Вадзім Ялфімаў
Вадзім Ялфімаў

Падчас апошняга выпуску прапагандысцкай праграмы «Клюб рэдактараў» на праўладным канале «Беларусь-1» выкладчык БДУ, палітоляг і кандыдат гістарычных навук Вадзім Ялфімаў прывёў аргумэнт, які на яго думку даказвае, што парлямэнцкія выбары ў Польшчы былі сфальсыфікаваныя.

Ялфімаў пракамэнтаваў яўку на польскіх выбарах, якая склала 73%.

«А хто ўпэўнены, што гэта была рэальная яўка. Гэта яўка дутая. У нармальных дэмакратычных краінах яўка боўтаецца ў межах 50%, калі вышэй, то гэта заўсёды фальсыфікат. Паказьнік таго, што на рэфэрэндуме менш 40% заявіяліся, сьведчыць аб тым, што рэальная яўка была значна меншай. Гэта ўсё накручана і сфальсыфікавана». — сказаў Ялфімаў.

Праўладны палітоляг не зьвярнуў увагі, што тым самым паставіў пад сумнеў усе выбарчыя кампаніі ў гісторыі незалежнай Беларусі. На прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году яўка, паводле ЦВК, склала 85%, у 2006 — 92%, у 2010 — 90%, 2015 — 87%, 2020 — 84%. Афіцыйная яўка на рэфэрэндуме 2004 году, які даў Лукашэнку магчымасьць неабмежаванага вылучэньня на выбарах, таксама склала 90%.

Між тым, розьніца з яўкай на выбары і на рэфэрэндум у Польшчы тлумачыцца вельмі проста. Апазыцыя заклікала сваіх прыхільнікаў байкатаваць рэфэрэндум, то бок адмаўляцца атрымліваць бюлетэнь з пытаньнямі рэфэрэндуму. Апазыцыйныя партыі называлі гэтыя пытаньні маніпуляцыйнымі. Яны тычыліся лёсу агароджы на беларуска-польскай мяжы, продажу польскіх актываў замежным уласьнікам, павышэньне пэнсійнага ўзросту і прыёму мігрантаў з Блізкага Ўсходу. Рэфэрэндум адбываўся ў той жа дзень, што і выбары, таму і вынікі абодвух галасаваньняў лічылі тыя самыя камісіі.

Па выніках падліку галасоў на парлямэнцкіх выбарах у Польшчы


• Партыя «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году і да якой належаў і прэзыдэнт Анджэй Дуда, атрымала 35,38%,
• «Грамадзянская кааліцыя» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы і эўрадэпутатам Дональдам Тускам — 30,70%,
• Кааліцыя «Трэці шлях» — аб’яднаньне «Польшчы 2050» экс-кандыдата ў прэзыдэнты Шымана Галоўні і Польскай народнай партыі — 14,40% (экзыт-пол — 13% ), аб’яднаньне левых сілаў «Новая Лявіца» — 8,61% (экзыт-пол — 8,6% ).
• правая партыя «Канфэдэрацыя Свабода і Незалежнасьць», якая стаіць на пазыцыях эўраскептыкаў, — 7,16% (экзыт-пол — 6,2%).

Такія вынікі выбараў могуць прывесьці як да кааліцыі, у якой будзе весьці рэй цяперашняя ўрадавая партыя, гэтак і да стварэньня кааліцыйнага ўраду апазыцыйных партыяў. І кіраўнік «Права і справядлівасьці» Яраслаў Качынскі, і лідэр «Грамадзянскай кааліцыі» Дональд Туск ужо заявілі, што задаволеныя вынікамі выбараў і гатовыя сфармаваць урад з кааліцыйнымі партнэрамі.

Калі апазыцыйныя партыі «Грамадзянская кааліцыя», «Трэці шлях» і «Левыя» вырашаць аб’яднацца, гэта дазволіць ім сфармаваць кіроўную ўрадавую кааліцыю. Пачатак фармаваньню ўраду павінен пакласьці прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прадставіўшы кандыдата на пасаду прэм’ер-міністра.

Паводле СМІ, Дуда пасьля выбараў заявіў, што новы ўрад павінна фармаваць партыя, якая лідзіруе на выбарах — то бок «Права і справядлівасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG