Палітвязьня Зьмітра Дашкевіча днямі пакаралі яшчэ адным годам у калёніі строгага рэжыму.
У ліпені Зьміцер меў выйсьці на волю пасьля цалкам адбытага тэрміну, але ня выйшаў. Цяпер яго абвінавацілі паводле часткі 1 артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу. Прысуд вынесла судзьдзя Тацяна Дзеравянка.
Гэта далёка ня першы выпадак выкарыстаньня ўладамі такога мэтаду падаўжэньня тэрміну палітвязьням.
Расказваем, што гэта за артыкул і чаму ён стаў такім папулярным сярод выракаў пасьля падзей 2020 году.
Так званымі «злоснымі парушэньнямі» для турэмнай адміністрацыі могуць стаць любыя дзеяньні зьняволеных: расшпілены гузік на паліто, «няветлівае» вітаньне супрацоўніка (на думку гэтага супрацоўніка) або выхад у прыбіральню без папярэджаньня.
Да 2020 году былі вядомыя толькі два выпадкі прымяненьня артыкулу 411 да палітвязьняў. У 2012 годзе дадатковы год атрымаў Зьміцер Дашкевіч. У 2015 годзе – анархіст Мікалай Дзядок. Пасьля падзей 2020 году гэтая лічба няўхільна расьце.
Пасьля падзей 2020 году ўжо 28 чалавек былі асуджаныя паводле 411-га артыкулу.