Умовы міравога пагадненьня былі прадстаўленыя ў фэдэральным судзе Сан-Францыска, піша devby.io з спасылкай на Reuters. Цяпер пагадненьне павінен ухваліць судзьдзя Джэймс Данат.
Згодна з дакумэнтамі, паказанымі ў судзе, Google выплаціць $48 млн, Flo — $8 млн. Больш не існуючая кампанія Flurry, якая займалася мабільнай аналітыкай, яшчэ ў сакавіку ўрэгулявала прэтэнзіі на $3,5 млн.
Чацьвёрты адказьнік — Meta — ад зьдзелкі адмовілася і дайшла да суду, а 4 жніўня пасьля двухтыднёвага разбору была прызнана вінаватай. Кампанія зьбіраецца падаць апэляцыю, а слуханьне ў вызначэньні сумы шкоды прызначылі на 30 верасьня.
Google пайшла на зьдзелку за два тыдні да пачатку працэсу, Flo — ужо бліжэй да яго канца. Пры гэтым абедзьве кампаніі не прызнаюць сябе вінаватымі.
Карыстальніцы сьцьвярджалі, што ў пэрыяд зь лістапада 2016 году па люты 2019 году Flo дзялілася асабістымі зьвесткамі аб мэнструацыях і цяжарнасьці з іншымі адказьнікамі, хаця абяцала захоўваць усё ў таямніцы.
Пазоўніцы спасылаліся на закон Каліфорніі аб недатыкальнасьці прыватнага жыцьця. Паводле яго, за кожнае парушэньне можа прызначацца штраф у $5 тысяч, што ў тэорыі магло павярнуцца для кампаній шматмільярднымі выплатамі.
Flo — гэта IT-кампанія, якую стварылі беларусы. Галоўны офіс месьціцца ў Вільні, штаб-кватэра — у Лёндане, прадстаўніцтвы — у Нідэрляндах і ЗША. Менскі офіс цяпер закрыты. Па стане на канец 2024 году Flo абслужыла каля 380 мільёнаў карыстальніц ва ўсім сьвеце. Flo — другая кампанія-аднарог зь беларускімі каранямі. Першай у 2021 годзе стала PandaDoc.
Форум