Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Параўноўваючы сытуацыю з той, якая была ў 2020 годзе, палітык адзначыла, што зараз назіраецца «новы кантэкст, ва Ўкраіне ідзе вайна»: «І мы разумеем стратэгічную важнасьць Беларусі з пункту гледжаньня бясьпекі».
«Пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка, там будуць пастаянныя правакацыі, разьмяшчэньне ядзернай зброі, вучэньні, пытаньні зь міграцыяй, — адзначыла Ціханоўская. — Таму ў інтарэсах ня толькі беларускага народа, але і нашых заходніх партнэраў, дапамагчы беларусам дасягнуць незалежнасьці і свабоды ад рэжыму Лукашэнкі».
«Для Эўропы свабодная і дэмакратычная Беларусь будзе надзейным партнэрам, а не крыніцай пастаяннай пагрозы, а для Ўкраіны яна ня будзе стартавай пляцоўкай для магчымых будучых атак з Расеі», — сказала яна.
Ціханоўская таксама не пагадзілася з тэзай, што дэмакратычныя сілы Беларусі пацярпелі паразу ў 2020 годзе:
«Магчыма, мы прайгралі бітву рэжыму, але мы не прайгралі вайну супраць яго. Рэжым крок за крокам здолеў задушыць беларусаў жорсткасьцю, катаваньнямі, шляхам разьвязваньня тэрору супраць беларускага народа, а таксама зьвярнуўшыся па дапамогу да Расеі. Але гэтыя рэпрэсіі не пахавалі нас».
«Я не магу сказаць, што гэта было нашай паразай, бо на працягу пяці гадоў мы ўмацоўваем беларускую нацыю, дэмакратычны рух, — працягнула яна. — Многія з нас вымушаныя працаваць, знаходзячыся ў выгнаньні, але большасьць застаецца ў Беларусі, яны працягваюць барацьбу падпольна. Ніхто ня ведаў пра сучасных беларускіх партызанаў, але яны зьявіліся з пачаткам вайны ва Ўкраіне ў 2022 годзе».
У Беларусі, як сьцьвярджае Ціханоўская, «ёсьць шмат невялікіх груп людзей, якія праводзяць акты сабатажу»:
«Нас забясьпечваюць інфармацыяй з самых верхніх эшалёнаў асяродзьдзя Лукашэнкі аб тым, як ажыцьцяўляецца абыход санкцый або аб тым, як рэжым зарабляе на крыві ўкраінцаў, мілітарызуючы беларускую эканоміку».
У беларусаў «ёсьць актыўная грамадзянская супольнасьць і фантастычныя мэдыя, праваабаронцы», сказала дэмакратычная лідэрка.
Палітык прывяла прыклад Літвы і Польшчы, якія «ў свой час знаходзіліся фактычна пад савецкай акупацыяй, але калі настаў зручны момант, гэтыя краіны былі гатовыя да перамен».
«Мы аслабляем рэжым, умацоўваем людзей, і, вядома, мабілізуем салідарнасьць, падтрымку, дапамогу дэмакратычнага сьвету. Каб, калі надыдзе час, ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, увесь вольны сьвет, ужо мелі стратэгію па Беларусі», — дадала Ціханоўская.
У дыскусіі прыняў удзел таксама Сяргей Ціханоўскі.
- Двухдзённы Варшаўскі форум па бясьпецы, які праходзіць з 2014 года, традыцыйна прысьвечаны трансатлянтычнаму супрацоўніцтву і накіраваны на распрацоўку сумесных адказаў на агульныя выклікі, з асаблівым акцэнтам на бясьпеку Цэнтральнай і Усходняй Эўропы.
- Мерапрыемства штогод зьбірае больш за 2,5 тыс. высокапастаўленых прадстаўнікоў урадаў, міжнародных арганізацый, прамысловасьці, аналітычных цэнтраў і грамадзянскай супольнасьці з больш як 90 краін.
Форум