Лінкі ўнівэрсальнага доступу

CNN: у Ізраілі арыштавалі афіцыйнага прадстаўніка ХАМАС на Заходнім беразе ракі Ярдан


Афіцыйны прадстаўнік ХАМАС на Заходнім беразе ракі Ярдан Хасан Юсэф, якога арыштавалі сілы Ізраіля
Афіцыйны прадстаўнік ХАМАС на Заходнім беразе ракі Ярдан Хасан Юсэф, якога арыштавалі сілы Ізраіля

Да гэтага ізраільскія сілы некалькі разоў арыштоўвалі Хасана Юсэфа. Ён правёў у ізраільскіх турмах агулам 24 гады паводле розных абвінавачаньняў.

Ізраільскае агенцтва бясьпекі паведаміла аб арышце сьпікера і афіцыйнага прадстаўніка ХАМАС на Заходнім беразе ракі Ярдан Хасана Юсэфа.

Як паведаміла CNN, яго затрымалі 19 кастрычніка ў часе рэйдаў, праведзеных Ізраілем на Заходнім беразе ракі Ярдан. Хасана Юсэфа, які ўваходзіў у склад заканадаўчай рады Палестыны, арыштавалі праз падазрэньні «ў дзеяньнях ад імя ХАМАС».

CNN паведамляў, Юсэф быў сярод больш як 60 баевікоў ХАМАС, затрыманых Ізраілем на Заходнім беразе.

Раней ізраільскія сілы некалькі разоў арыштоўвалі Хасана Юсэфа. Ён правёў у ізраільскіх турмах агулам 24 гады паводле розных абвінавачваньняў. Ён рэгулярна зьяўляўся ў міжнародных СМІ і заяўляў, што ХАМАС будзе гатовы вызваліць каля 200 закладнікаў у выпадку, калі Ізраіль пагодзіцца на 24-гадзіннае спыненьне агню, каб перадаць дапамогу ў Газу.

Вайна, якая пачалася 7 кастрычніка пасьля ўварваньня ў Ізраіль баевікоў ХАМАС, стала самай сьмяротнай зь пяці войнаў у Газе для абодвух бакоў. Міністэрства аховы здароўя Газы паведаміла, што за апошнія 11 дзён загінулі 3478 палестынцаў і больш за 12 000 атрымалі раненьні.

У Ізраілі загінулі больш за 1400 чалавек. Вядома, што ХАМАС узяў у закладнікі каля 200 ізраільцян.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Разбуральная вайна Ізраілю ў cэктары Газа ў лічбах.
  • «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

  • «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG