Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцу РНПЦ «Кардыялёгія», якую ў 2020-м прызначылі замест прафэсара Мрочака, зьнялі з пасады


Натальля Міцькоўская, архіўнае фота з сайту РНПЦ «Кардыялёгія»
Натальля Міцькоўская, архіўнае фота з сайту РНПЦ «Кардыялёгія»

Імя Натальлі Міцькоўскай, якая займала пасаду дырэктаркі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялёгія», зьнікла з сайту РНПЦ, заўважыла «Люстэрка». Некалькі дзён таму крыніца выданьня паведаміла пра пляны звольніць Міцькоўскую.

Як паведаміла 19 лютага крыніца «Люстэрка», пра тое, што Натальлю Міцькоўскую хочуць звольніць з пасады кіраўніцы РНПЦ, стала вядома яшчэ 17 лютага. Мэдык з такой сытуацыяй не пагадзілася і 18 лютага сабрала камісію па сваім пытаньні, распавяла крыніца. Прычына, па якой Міцькоўскую вырашылі зьняць з пасады, невядомая.

Яшчэ 19 лютага Міцькоўская на сайце РНПЦ лічылася як дырэктарка, але па стане на суботу 22 лютага згадкі пра яе на старонцы кіраўніцтва ўжо няма. На сайце ўказана, што мэдцэнтар узначальвае Маргарыта Бельская. Яна выконвала абавязкі Міцькоўскай, калі толькі зьявілася інфармацыя пра магчымае звальненьне апошняй.

Журналістцы «Люстэрка», якая 19 лютага тэлефанавала ў прыёмную дырэктара РНПЦ пад выглядам пацыенткі, што хоча запісацца на прыём, адказалі, што цяпер абавязкі дырэктара цэнтру выконвае Маргарыта Бельская. Пытаньне, ці працуе яшчэ Міцькоўская, пакінулі без адказу. У даведачнай службе РНПЦ сказалі, што Міцькоўская «не вядзе зараз прыёмы» і што «яна не ў адпачынку... цяпер там кадравыя пытаньні, таму пакуль няма».

Пра тое, што лекарку адхілілі ад выкананьня абавязкаў дырэктаркі РНПЦ «Кардыялёгія», 17 лютага паведамляў і тэлеграм-канал аб’яднаньня мэдыкаў «Белыя халаты», але прычыну таксама не называў.

Дырэктаркай РНПЦ «Кардыялёгія» Натальля Міцькоўская стала 14 верасьня 2020 году, пасьля таго як з гэтай пасады ў канцы жніўня з ініцыятывы Міністэрства аховы здароўя звольнілі вядомага кардыёляга Аляксандра Мрочака, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара мэдычных навук, прафэсара, які кіраваў цэнтрам 12 гадоў. Сам Мрочак зьвязваў рашэньне з тым, што лекары клінікі выходзілі на пікеты ў непрацоўны час. Яго абвінавацілі ў тым, што ня змог утрымаць калектыў і не забараніў людзям выказваць грамадзянскую пазыцыю наконт сытуацыі ў краіне. Таксама Мрочак выказваўся супраць гвалту сілавікоў у адносінах да мірных грамадзянаў. Многія зь лекараў РНПЦ кардыялёгіі выступілі супраць звальненьня Мрочака.

Натальля Міцькоўская — доктарка мэдыцынскіх навук, прафэсарка, у 1998 годзе ўзнагароджаная знакам «Выдатнік Аховы здароўя» Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца сябрам Эўрапейскага таварыства кардыёлягаў (ESC).

Тэлеграм-канал «Белыя халаты» пісаў, што Міцькоўскую не характарызавалі як «дзейна „крыважэрную“», але, паводле зьвестак каналу, пры гэтым яна «не рабіла ніякіх намаганьняў для таго, каб абараніць сваіх супрацоўнікаў» і «калі ў цэнтар прыходзілі сьпісы зь пералікам тых, каго трэба звольніць, пажаданьні выконваліся няўхільна».

Праўда, у 2020 годзе СМІ паведамлялі, што калі 27 кастрычніка затрымалі семярых мэдыкаў РНЦП «Кардыялёгія», якія стаялі ў «ланцугу салідарнасьці» перад пачаткам працоўнага дня, кіраўніца РНПЦ «Кардыялёгія» Натальля Міцькоўская прыехала ў РУУС і вяла перамовы з праваахоўнікамі аб вызваленьні сваіх падначаленых. У выніку на мэдыкаў склалі пратаколы паводле артыкула 23.34 за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і адпусьцілі да суду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG