Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі нараджаць дзяцей беларускі з «дэмаграфічнай ямы». Што гэта значыць


У Беларусі ўступілі ва ўзрост дзетанараджальнасьці жанчыны пакаленьня «дэмаграфічнай ямы», заявіў намесьнік міністра здароўя Юры Горбіч на міжнароднай канфэрэнцыі «Сям’я ў цэнтры сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі дзяржавы».

«Скарачэньне нараджальнасьці — тэндэнцыя апошніх 60 гадоў. Нараджальнасьць у Беларусі падае праз пазьнейшае нараджэньне першага дзіцяці, пытаньні адкладзеных нараджэньняў дзяцей. Не варта скідаць з рахункаў, што жанчын менш — нараджэньняў менш», — сказаў Горбіч, якога цытуе pozirk.online.

Колькасьць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту зьменшылася з 2012 да 2022 года на 14,5% — з 2.494 тысячаў да 2.134 тысячаў.

У 2022 годзе сярэдні ўзрост жанчын у Беларусі пры нараджэньні першага дзіцяці склаў 26,9 года (у 2010‑м — 24,9). Гэта жанчыны, народжаныя пасьля 1996 года, калі ў краіне зьявілася на сьвет усяго 95.798 дзяцей.

Пазьней за выключэньнем асобных гадоў нараджальнасьць расла, дасягнуўшы піку ў 2015 годзе — 119.028 дзяцей. Пасьля гэтага штогод беларускі сталі нараджаць менш.

Летась Белстат не публікаваў даныя пра колькасьць народжаных дзяцей, аднак дзяржСМІ паведамлялі, што іх лік зьменшыўся на 20% у параўнаньні з 2019 годам (87.620).

Насельніцтва Беларусі ў 2022 годзе скарацілася на 55 тысячаў чалавек і на 1 студзеня 2023 года складала 9,2 мільёнаў чалавек.

Статыстыка не ўлічвае масавую палітычную міграцыю апошніх гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG