Нацыянальная выбарчая камісія Польшчы на сваім сайце паведамляе ў рэальным часе пра хаду падліку галасоў на парлямэнцкіх выбарах, якія адбыліся 15 кастрычніка.
Паводле дадзеных камісіі на 19 гадзіну па Варшаве (20 па Менску), падлічана 88,08% галасоў.
Галасы выбаршчыкаў, якія ўжо падлічаныя, разьмеркаваліся наступным чынам:
За партыю «Права і справядлівасьць» (ПіС), якая знаходзіцца ва ўладзе з 2015 году і да якой належаў і прэзыдэнт Анджэй Дуда, — 36,52%.
За «Грамадзянская кааліцыю» на чале з колішнім прэм’ерам Польшчы і эўрадэпутатам Дональдам Тускам — 29,58%.
За кааліцыю «Трэці шлях» — аб’яднаньне «Польшчы 2050» экс-кандыдата ў прэзыдэнты Шымана Галоўні і Польскай народнай партыі — 14,5%.
За аб’яднаньне левых сілаў «Новая Лявіца» — 8,37%.
За правую партыю «Канфэдэрацыя», якая стаіць на пазыцыях эўраскептыкаў, — 7,23%.
Шмат дзе галасаваньне зацягвалася. Напрыклад, на адным з выбарчых участкаў ва Ўроцлаве выбарнікі галасавалі да 3-й гадзіны ночы.
Раней і кіраўнік «Права і справядлівасьці» Яраслаў Качынскі, і лідэр «Грамадзянскай кааліцыі» Дональд Туск ужо заявілі, што задаволеныя вынікамі выбараў і гатовыя сфармаваць урад з кааліцыйнымі партнэрамі.