Служба бясьпекі Ўкраіны завочна выставіла падазрэньні ў дзяржаўнай здрадзе ва ўмовах ваеннага становішча журналістцы Дзіяне Панчанцы, якая прыяжджала ў Беларусь на «Славянскі базар» і для запісу інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам.
Першую справу супраць яе завялі ў студзені 2023 году паводле ч. 3 артыкула 436-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (апраўданьне збройнай агрэсіі Расеі супраць Украіны і праслаўленьне яе ўдзельнікаў з расейскага боку, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін да 8 гадоў з або без канфіскацыі).
«З кастрычніка 2022 году па цяперашні час Панчанка па ўказаньні з Масквы спрыяе вайскова-палітычнаму кіраўніцтву Расеі ў падрыўной дзейнасьці супраць Украіны», — адзначаецца ў паведамленьні Службы бясьпекі Ўкраіны.
Паводле новага абвінавачаньня Дзіяне Панчанцы пагражае пазбаўленьне волі на 15 гадоў або пажыцьцёвае зьняволеньне.
26 ліпеня Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла журналістку ў міжнародны вышук. Паведамляецца, што пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня Дзіяна Панчанка выехала ў акупаваны Расеяй Данецк.
Дзіяна Панчанка працавала вядоўцай на тэлеканалах, зьвязаных з прарасейскім палітыкам Віктарам Медзьведчуком. Яго летась затрымалі паводле падазрэньня ў дзяржаўнай здрадзе, а потым абмянялі на палонных украінскіх абаронцаў Марыюпалю.
У 2021 годзе Дзіяна Панчанка прыяжджала ў Віцебск на «Славянскі базар», калі ўкраінскія артысты адмовіліся ад удзелу ў гэтым фэстывалі, а ў жніўні 2023-га — для запісу інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. Дзяржаўныя СМІ Беларусі прадставілі яе ўкраінскай журналісткай, а Лукашэнка цягам усяго інтэрвію размаўляў зь ёй як з прадстаўніцай Украіны.