Як піша Reuters, пра рашэньні абвешчана ўсяго за некалькі дзён да прызначаных на 15 кастрычніка ў Польшчы парлямэнцкіх выбараў, на якіх кіруючая кансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць» будзе змагацца за беспрэцэдэнтны трэці тэрмін ва ўладзе. Сярод ключавых пунктаў выбарчай кампаніі партыі ёсьць нацыянальная бясьпека.
Reuters адзначае, што пра адстаўкі абвешчана на фоне росту напружанасьці паміж вышэйшымі эшалёнамі Ўзброеных сілаў і ўрадам пасьля камэнтароў кіраўніка Міністэрства абароны Марыюша Блашчака ў траўні. Тады ён выказаў незадаволенасьць, што войска своечасова не паінфармавала яго пра інцыдэнт зь меркаванай расейскай ракетай.
Польскія СМІ пісалі, што вайсковы аб’ект, знойдзены ў лесе на поўначы краіны ў красавіку, мог быць расейскай ракетай X-55. У публікацыях таксама гаварылася, што польскія вайскоўцы назіралі абʼект, які ўвайшоў у паветраную прастору краіны ў сьнежні мінулага году, але затым страцілі яго з вачэй. Справу распачалі толькі ў красавіку, з ініцыятывы цывільных уладаў. Сьледзтва лічыць, што ракета пагражала жыцьцям людзей.