Паводле яго слоў, у ходзе сустрэчы маюць намер зацьвердзіць плян работы групы на бліжэйшую пэрспэктыву.
Дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі асобны офіс у будынку Рады Эўропы ў Страсбургу, паведаміла BPN прэс-служба Сьвятланы Ціханоўскай.
Офіс будзе выкарыстоўвацца для «сустрэчаў і кансультацыяў у межах працы кантактнай групы і міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва».
«Той факт, што дэмакратычныя сілы зараз маюць афіцыйнае месца для працы ў Радзе Эўропы, падкрэсьлівае, што супраца інстытуцыяналізаваная, і сыгналізуе аб прызнаньні дэмакратычных сілаў як прадстаўнікоў Беларусі», — зазначыла прэс-служба беларускага палітыка.
Кантактная група Рады Эўропы ў справах Беларусі дзейнічае зь лістапада 2022 году. З беларускага боку туды ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці.
Што такое Кантактная група?
Кантактная група, створаная Радай Эўропы сумесна зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю, правяла першае пасяджэньне 7 лістапада 2022 у Страсбургу, у Палацы Эўропы.
Сябры Кантактнай групы аказваюць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі, а таксама адпаведныя органы Рады Эўропы. Кантактная група будзе займацца «распрацоўкай, арганізацыяй і кантролем праграмаў і праектаў на карысьць народу Беларусі».
Беларусь падала заяўку на ўступ у Раду Эўропы ў 1993 годзе, аднак працэс быў прыпынены ў 1996 годзе, калі пры ўладзе ўжо быў Лукашэнка, а ў краіне душылі пратэсты.
Кантактную групу стварыў генэральны сакратар Рады Эўропы на падставе рашэньня Камітэту міністраў ад 7 верасьня. Раней у 2022 годзе Камітэт міністраў вырашыў прыпыніць усе адносіны з рэжымам Лукашэнкі.
Мэтаю Кантактнае групы ёсьць забесьпячэньне падтрымкі і досьведу арганізацыі для ўмацаваньня беларускага дэмакратычнага грамадзтва ў адпаведнасьці з асноўнымі каштоўнасьцямі Рады Эўропы, зь яе дзейнасьцю ў галіне правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі.
«Рада Эўропы прынцыпова падтрымлівае дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Я радая стварэньню гэтае групы. Гэта наватарскае рашэньне: ніводная іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносінаў такога кшталту», — падкрэсьліла генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч.