Рада ЭЗ прыняла закон для ўмацаваньня эўрапейскай абароннай прамысловасьці праз агульныя закупкі, паведамляе DW. Ён закліканы стымуляваць супрацоўніцтва паміж краінамі ЭЗ у галіне набыцьця ўзбраеньняў і прадугледжвае частковую кампэнсацыю выдаткаў на гэтыя мэты зь бюджэту Эўразьвязу. Умова для такой кампэнсацыі — удзел у закупках кансорцыюмаў зь ня менш як трох краінаў ЭЗ. На гэтыя мэты адводзіцца агульны бюджэт у 300 млн эўра.
Абаронная прамысловасьць Эўразьвязу павінна выйграць ад гэтай меры, перакананыя ў Радзе ЭЗ, паколькі ня менш як 65 працэнтаў кампанэнтаў канчатковай прадукцыі павінны быць вырабленыя ў Эўразьвязе або яго краіне-партнэры. Гэта павінна спрыяць павышэньню канкурэнтаздольнасьці і эфэктыўнасьці эўрапейскай тэхналягічнай і прамысловай базы ў абароннай сфэры, уключаючы малыя і сярэднія кампаніі.
На нефармальным саміце ЭЗ у Вэрсалі 11 сакавіка 2022 году лідэры краін Эўразьвязу абавязаліся ўмацоўваць яго абаронны патэнцыял, паколькі вайна Расеі супраць Украіны выявіла прабелы і дэфіцыты ў ваенных запасах ЭЗ, зьніжэньне прамысловай вытворчасьці і недастаткова актыўнае супрацоўніцтва ў гэтай сфэры паміж краінамі. Лідэры Эўразьвязу вырашылі, што дзяржавы-члены павінны істотна павялічыць расходы на абарону, інвэставаць у сумесныя праекты і закупкі ўзбраеньняў, стымуляваць інавацыі і разьвіваць абаронную прамысловасьць ЭЗ.
Новыя правілы набудуць моц на наступны дзень пасьля публікацыі ў Афіцыйным часопісе ЭЗ.