«Маштабы тэрору і жорсткасьці супраць Ізраілю і яго народу сталі паваротным момантам. Найбуйнейшы донар палестынцаў, Эўракамісія, пачынае перагляд усяго пакета дапамогі разьвіцьця ў 691 млн эўра. Усе плацяжы будуць прыпыненыя», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы Х (былы Твітэр).
Вархэі ўдакладніў, што гаворка ідзе аб прыпыненьні ўсіх бягучых выплат і новых бюджэтных прапаноў на 2023 год, а таксама замарозцы сумесных з Палестынай праектаў.
Раней у панядзелак, 9 кастрычніка, міністар замежных спраў Аўстрыі Аляксандар Шаленбэрг заявіў, што Вена прыпыняе аказаньне дапамогі Газе на агульную суму каля 19 млн эўра.
«Маштабы тэрору настолькі жудасныя... што мы ня можам вярнуцца да звычайнай работы. Таму на гэты момант мы замарожваем усе плацяжы па лініі аўстрыйскага супрацоўніцтва ў галіне разьвіцьця», — падкрэсьліў Шаленбэрг.
Урад Нямеччыны перагледзіць дапамогу Палестыне ў сувязі з нападам ХАМАСу на Ізраіль. Пра гэта заявіла ў нядзелю, 8 кастрычніка, міністарка эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця Нямеччыны Свэнья Шульцэ.
7 кастрычніка Ізраіль зазнаў масіраваныя ракетныя ўдары з боку сэктару Газа. Баевікі руху ХАМАС зайшлі на тэрыторыю краіны.