Пра гэта паведамілі Сілы абароны поўдня і кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.
Ракеты выпусьцілі зь берагавога ракетнага комплексу Бастыён у часова акупаваным Крыме. «Яны трапілі ў будынак пансіянату ў рэкрэацыйнай зоне і ў збожжасховішчы прыпартавой інфраструктуры», — адзначаюць вайскоўцы.
Паводле кіраўніка вобласьці, раненьні ад аскепкаў шкла атрымалі чатыры чалавекі, ім надалі неабходную дапамогу.
У Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі пацьвердзілі выбух у Міргарадзкім раёне падчас паветранай трывогі ў ноч на 7 кастрычніка. Кіраўнік адміністрацыі Дзьмітрый Лунін удакладніў, што «інфармацыя аб варожых трапляньнях па крытычнай ці грамадзянскай інфраструктуры высьвятляецца. Папярэдне без пацярпелых».
Позна ўвечары 6 кастрычніка Паветраныя сілы УСУ папярэдзілі жыхароў некалькіх абласьцей Украіны аб ракетнай небясьпецы. У Харкаўскай, Палтаўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях гучала паветраная трывога. Мясцовых жыхароў прасілі знаходзіцца ў сховішчах адбоя. У 01.11 паступіла паведамленьне аб адбоі паветранай трывогі.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна абстрэльваюць украінскія гарады і вёскі, разьмешчаныя ў межах дасяжнасьці расейскай артылерыі, ракетных сыстэм залпавага агню, ракет і дронаў. Нягледзячы на шматлікія сьведчаньні, Масква адмаўляе напады на грамадзянскія аб’екты, сьцьвярджаючы, што бʼе толькі па вайсковай інфраструктуры.
Улады Белгарадзкай вобласьці Расеі паведамілі пра 1 загінулага пры абстрэле
Раніцай 7 кастрычніка ў выніку абстрэлу пасёлка Ўразава Валуйскай гарадзкой акругі Белгарадзкай вобласьці загінуў мужчына, паведамляе кіраўнік рэгіёну Вячаслаў Гладкоў.
Гладкоў сьцьвярджае, што пасёлак атакавалі Ўзброеныя сілы Ўкраіны з РСЗА «Град». Паводле яго, пашкоджаныя 14 дамоў, адзін сацыяльны аб'ект і аўтамабіль. Таксама разбураныя гаспадарчая пабудова і склад.
Пад Масквой зьбілі бесьпілётнік
Раніцай над Маскоўскай вобласьцю зьнішчылі дрон, заявілі Мінабароны Расеі і мэр Масквы Сяргей Сабянін.
«У Істрынскай гарадзкой акрузе адбітая атака бесьпілётніка, які ляцеў на Маскву», — напісаў Сабянін. Мінабароны РФ сьцьвярджае, што дрон запусьціла Ўкраіна. Папярэдне, на месцы падзеньня абломкаў разбурэньняў і пацярпелых няма.
На другі год расейскага ўварваньня ва Ўкраіну рэгіёны Расеі рэгулярна зазнаюць атакі, у выніку якіх ёсьць разбурэньні і ахвяры. Рэгіянальныя ўлады пераважна сьцьвярджаюць, што напады вядуцца з украінскага боку. Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.