На пачатку кастрычніка Генпракуратура Беларусі завяла шэраг крымінальных справаў супраць Рады БНР.
Сёньня генпракурор Андрэй Швед выклаў сутнасьць абвінавачваньняў на адрас Рады. Яго словы прыводзіць тэлеграм-канал Генпракуратуры.
«Рада БНР ажыцьцяўляе ня толькі рэабілітацыю нацызму і калябарацыянізму, але і актыўна прапагандуе экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасьць, папулярызуе асобаў, асуджаных за такія дзеяньні ў сучасны пэрыяд. Вакол Рады БНР пад кантролем спэцслужбаў ЗША і іншых заходніх дзяржаваў пасьлядоўна фармуецца цэнтар антыдзяржаўнай і падрыўной дзейнасьці супраць Рэспублікі Беларусь з прэтэнзіяй на фармаваньне паралельных дзяржаўных інстытутаў і атрыбутаў, узурпацыю дзяржаўнай улады на падставе „гістарычнасьці“ аднаўленьня правоў на ўладу. У сваіх апошніх заявах кіраўніцтва фармаваньня адкрыта гаворыць, што мірныя спосабы барацьбы за ўладу імі вычарпаныя».
У адказ на завядзеньне Генпракуратурай крымінальных справаў супраць яе Рада БНР заявіла, што прымае да ведама «інфармацыю пра незаконны крымінальны перасьлед, распачаты карнымі органамі нелегітымнага рэжыму на чале з А. Лукашэнкам».
У заяве было адзначана, што абвінавачваньні супраць Рады БНР носяць «заведама ілжывы і абсурдны характар». Рада таксама падкрэсьліла, што неаднаразова асуджала таталітарныя рэжымы, якія ўчынялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэжымы нямецкіх нацыянал-сацыялістаў і камуністаў.