Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі завялі некалькі крымінальных спраў супраць Рады БНР. Рада адказала


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Архіўнае фота
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Архіўнае фота

Крымінальныя справы накіравалі старшыні КДБ для прыцягненьня да адказнасьці ўсіх, хто мае дачыненьне да дзейнасьці Рады БНР (дзе б яны ні знаходзіліся: як за мяжой, так і на тэрыторыі Беларусі), піша афіцыйнае агенцтва БелТА.

Генпракуратура Беларусі завяла шэраг крымінальных справаў супраць Рады БНР, паведамілі ў ведамстве.

Там адзначылі, што, нягледзячы на прызнаньне рашэньнем КДБ Рады БНР сёлета ў ліпені экстрэмісцкім фармаваньнем, яе кіраўнікі і сябры нібыта «не спынілі сваёй супрацьпраўнай дзейнасьці» і «ўцягваюць у яе новых удзельнікаў».

У Генпракуратуры заявілі таксама, што нібыта «кіраўніцтва Рады каардынуе дэструктыўныя намаганьні зь іншымі экстрэмісцкімі арганізацыямі, наладжвае сувязі з узброенымі структурамі, што дзейнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны, у якія ўваходзяць грамадзяне Беларусі».

У сярэдзіне верасьня улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» ўзнагароды Рады БНР.

Што адказала Рада БНР

Рада БНР ў адказ заявіла, што прымае да ведама «інфармацыю пра незаконны крымінальны перасьлед, распачаты карнымі органамі нелегітымнага рэжыму на чале з А. Лукашэнкам».

«Гэты факт ніякім чынам не паўплывае на дзейнасьць Рады БНР, яе ўзаемадзеяньне з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і яе падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за свабоду і незалежнасьць Украіны.

Больш за тое, заведама незаконныя і абгрунтаваныя экстрэмісцкай ідэалёгіяй рэжыму Лукашэнкі рашэньні і дзеяньні, у тым ліку псэўдаюрыдычнага характару, папаўняюць сьпіс злачынстваў, якія могуць быць падставай для крымінальнага перасьледу датычных да іх асобаў пасьля аднаўленьня законнасьці на тэрыторыі Беларусі».

У заяве зазначаюць, што абвінавачваньні супраць Рады БНР, у тым ліку заявы пра адмаўленьне Радай БНР незалежнасьці беларускай дзяржавы, «носяць заведама ілжывы і абсурдны характар, асабліва з улікам таго, што менавіта Рада БНР 25 сакавіка 1918 году абвесьціла пра дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі, ад чаго вядзе свой адлік гісторыя сучаснай сувэрэннай Беларусі».

Таксама Рада БНР заявіла, што неаднаразова асуджала таталітарныя рэжымы, якія зьдзяйсьнялі злачынствы на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку рэжымы нямецкіх нацыянал-сацыялістаў і камуністаў, у той час як Аляксандар Лукашэнка выказваўся пазытыўна пра тое, што рабіў Гітлер у Нямеччыне, а Сталін у СССР, дазваляў сабе антысэміцкія выказваньні і заявы пра непаўнавартаснасьць беларускай мовы, культуры і дзяржаўнасьці.

Што такое Рада БНР

  • Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
  • Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і станам на 2022 год застаецца самым старым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні».
  • Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла, якая жыве ў Канадзе.

Рада БНР зьяўляецца найстарэйшым беларускім палітычным і дзяржаўным інстытутам, захавальнікам традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

Пасьля таго як у 1918-м бальшавікі пакінулі Менск, дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Ўсебеларускага зьезду аб’явілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да скліканьня Устаноўчага сойму. 21 лютага 1918 году Выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў шмат намаганьняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асьветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газэты, вялася праца па адкрыцьці ў Менску Беларускага ўніверсытэта, зьявіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпляматычны, узаконеная дзяржаўная сымболіка — бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краінаў Эўропы адкрыліся дыпляматычныя прадстаўніцтвы БНР.

Аднак з прычыны складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага сувэрэнітэту краіны. Шэраг гісторыкаў лічаць, што менавіта пэрыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўленьня беларускай нацыі.

З таго часу Рада БНР дзейнічае на эміграцыі.

У 2020 годзе Рада БНР падтрымала пратэставы рух супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, пасьля нападу Расеі на Ўкраіну з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі выступіла супраць расейскай агрэсіі.

Заснаваны летась Радай БНР мэдаль «Пагоня» уручылі сваякам загінулага ў турме актывіста Вітольда Ашурка, былой палітзьняволенай, журналістцы Дарʼі Чульцовай, сваякам і сябрам асуджаных з палітычных матываў журналіста Дзяніса Івашына, а таксама загінуўшых пратэстоўцаў і актывістаў Мікіты Крыўцова і Рамана Бандарэнкі, беларускага добраахвотніка ва Ўкраіне Эдуарда Лобава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG