Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заявіў, што дзяцей з Украіны вывозілі ў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе, да пачатку поўнамаштабнай вайны


Павал Латушка, архіўнае фота
Павал Латушка, архіўнае фота

Паводле Латушкі, Лукашэнка асабіста падпісваў дакумэнты на арганізацыю праграм незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей.

Дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны вывозяць у Беларусь у асноўным для «ідэалягічнай апрацоўкі ў адпаведнасьці з наратывамі „русского мира“, якога-небудзь „значнага мэдыцынскага аспэкту“ ў іх знаходжаньні на беларускай тэрыторыі няма», — заявіў намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка, якога цытуе Bpn-info.online.

4 кастрычніка апазыцыйны палітык дыстанцыйна выступіў на арганізаванай Эўрапарлямэнтам тэматычнай сустрэчы, у якой, апрача іншых, удзельнічаў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец.

Латушка заявіў, што маюцца доказы таго, што Аляксандар Лукашэнка, чальцы яго сямʼі, а таксама набліжаныя да яго людзі «арганізавалі сыстэму перавозкі дзяцей, у прыватнасьці сірот, з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусь».

«Падчас расьсьледаваньня наша каманда ўстанавіла, што асобныя эпізоды вывазу дзяцей у Беларусь мелі месца яшчэ ў 2021 годзе. Сёньня гэтых дзяцей аддаюць на ўсынаўленьне ў Расеі», — сьцьвярджае Латушка.

Паводле палітыка, Лукашэнка як старшыня Вышэйшага дзяржсавету так званай «саюзнай дзяржавы» «асабіста падпісваў дакумэнты, якія прадугледжваюць арганізацыю такіх праграм перамяшчэньня дзяцей».

«Толькі зь верасьня 2022 году па травень 2023-га ў лягер „Дубрава“, разьмешчаны ў Менскай вобласьці, было дастаўлена ня менш як 2100 украінскіх дзяцей ва ўзросьце ад 6 да 15 гадоў з 15 гарадоў Украіны», — заявіў ён.

Каманда НАУ, зазначыў Латушка, перадала ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе «доказы таго, што ніводзін выпадак перамяшчэньня гэтых дзяцей не падпадае пад дазволеныя выключэньні ў міжнародным гуманітарным праве». Усе дзеці, вывезеныя ў Беларусь, падкрэсьліў ён, «зьяўляюцца ахвярамі ваеннага злачынства і адначасова злачынства супраць чалавечнасьці ў выглядзе гвалтоўнага перамяшчэньня цывільнага насельніцтва».

На яго думку, без суду над Лукашэнкам немагчыма дабіцца справядлівасьці для ўкраінскіх ахвяр.

3 кастрычніка Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФАККіКП) запатрабавала, каб Дзьмітры Шаўцоў не пазьней за 30 лістапада пакінуў пасаду генэральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, інакш сяброўскія правы нацыянальнай арганізацыі будуць прыпыненыя.

Прэтэнзіі ўзьніклі за яго візыты ў акупаваныя РФ украінскія гарады Луганск і Данецк, заявы аб перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый.

Камэнтуючы патрабаваньне МФАККіКП, Латушка заявіў, што НАУ і далей будзе інфармаваць аб дзейнасьці БЧК арганізацыі, якія ўваходзяць у фэдэрацыю.

За вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый МУС выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца, каб суд выдаў аналягічны ордэр у дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, бо ўкраінскія дзеці таксама вывозяцца ў Беларусь. 13 верасьня Эўрапарлямент прыняў рэзалюцыю з заклікам да МУС разгледзець такую магчымасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG