Як паведамляе DW, улады Славаччыны ў сераду, 4 кастрычніка, заявілі пра рашэньне накіраваць паліцыянтаў на паўднёвую мяжу з Вугоршчынай.
Як паведамляе браціслаўскае агенцтва TASR, кантроль на славацка-вугорскай мяжы пачне прымяняцца з 5 кастрычніка і першапачаткова працягнецца дзесяць дзён. Праверкі будуць праводзіцца «гнуткім чынам» уздоўж усёй мяжы, працягласьць якой складае больш за 650 км. Мэта — скараціць колькасьць нелегальных мігрантаў, якія прыбываюць у Эўропу «бальканскім маршрутам» і хочуць трапіць у Заходнюю Эўропу, выкарыстоўваючы Славаччыну як транзытную краіну.
Раней суседнія краіны — Чэхія, Польшча і Аўстрыя — пачалі рабіць больш жорсткім кантроль на мяжы са Славаччынай. Чэская паліцыя праводзіць выбарачныя праверкі на 17 аўтамабільных, 7 чыгуначных і 3 водных пунктах пропуску, а таксама ўздоўж 240-кілямэтровай наземнай мяжы са Славаччынай.
Польскія памежнікі пачалі ўзмацняць кантроль на васьмі аўтамабільных і трох чыгуначных пунктах пропуску церазь мяжу са Славаччынай.
Тыдзень таму міністар унутраных спраў Нямеччыны Нэнсі Фэзэр распарадзілася «ўвесьці дадатковыя гнуткія меры кантролю» на маршрутах нелегальных мігрантаў на межах з Польшчай і Чэхіяй. Колькасьць тых, хто хоча атрымаць прытулак у Нямеччыне, сёлета значна ўзрасла. Са студзеня па жнівень 2023 года з просьбай аб прытулку тут упершыню зьвярнуліся больш за 220 тысяч чалавек — на 77% больш, чым за той жа пэрыяд летась, паведамляе агенцтва dpa.